Артылерыя, бронетэхніка і гелікоптэры: Байдэн абвясціў пра новую дапамогу Украіне
- 13.04.2022, 21:35
Вашынгтон надасць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу на 800 млн даляраў.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у тэлефоннай размове паведаміў свайму ўкраінскаму калегу Уладзіміру Зяленскаму, што Вашынгтон выдасць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу на 800 млн даляраў. У тым ліку бранятэхніку і гелікоптэры.
Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе Белага дома.
«Мая адміністрацыя санкцыянуе выдачу Украіне дадатковай зброі, боепрыпасаў і іншай дапамогі ў галіне бяспекі на 800 млн даляраў», - цытуе прэс-служба Байдэна.
З ягоных слоў, новы пакет вайсковай дапамогі будзе ўключаць у сябе многія з ужо выдадзеных ЗША высокаэфектыўных сістэм узбраенняў, а таксама новыя магчымасці, адаптаваныя да больш шырокага наступу, які Расея можа пачаць на ўсходзе Украіны.
Сярод новых магчымасцей у Белым доме адзначылі артылерыйскія сістэмы і набоі да іх, а таксама бронетранспарцёры. Байдэн таксама адобрыў перадачу Украіне дадатковых гелікоптэраў.