BE RU EN

Дзве траціны пасылак марадзёраў РФ, адпраўленых з Мазыра, зніклі з базы СДЭК ці не былі ўручаны

  • 13.04.2022, 21:38

29 замоў маюць статус «не ўручаныя».

У пачатку красавіка каманда «Беларускі Гаюн» апублікавала відэа, як расейскія вайскоўцы ў аддзяленні кур'ерскай службы СДЭК масава адпраўляюць пасылкі з бытавой тэхнікай і рэчамі, хутчэй за ўсё, скрадзенымі ва Украіне. Праект «База данных» агалосіў спіс вайскоўцаў, якія рабілі гэтыя адпраўленні, з нумарамі замоў. Але зараз з пасылкамі нешта не так. «Медиазона» праверыла замовы і выявіла, што большая частка пасылак або не дайшлі да адрасата, або зніклі з базы.

Большасць адпраўленняў з Мазыра тады была адрасавана ў горад Рубцоўск — яго ўказалі 49 вайскоўцаў з 69-ці. Таксама пасылкі накіроўваліся ў Маскву, Чыту, Омск, Новасібірск і іншыя гарады. Вага іх складала ад 3 да 440 кг. Журналісты праверылі ўсе нумары заказаў праз сайт СДЭК і пераканаліся, што яны сапраўдныя і актыўныя.

Але цяпер лёс большасці пасылак незразумелы. 29 замоў маюць статус «не ўручаныя». Яшчэ па 16 нумарах пасылак сайт СДЭК выдае «заказ не знойдзены». Толькі пяць пасылак уручаны, дзве чакаюць уручэння і 17 знаходзяцца ў дарозе.

У прэс-службе СДЭК «Медиазоне» растлумачылі, што статус пасылкі «заказ не ўручаны» можа паказвацца ў розных выпадках: пасылку не ўдалося ўручыць атрымальніку па названым адрасе, або атрымальнік не прыйшоў за замовай, або адпраўнік яе адклікаў, або груз адправілі не туды, ці страцілі, ці ён трапіў на склад з неапазнанымі грузамі праз пашкоджанне этыкеткі і чакае ідэнтыфікацыі. Што да статусу «замова не знойдзена», такое бывае ў выпадках, калі кліент стварыў замову праз сайт, але не адправіў ці не аплаціў яе, або калі ён забраў пасылку назад.

Нагадаем, у СДЭК пацвярджалі сапраўднасць арыгінальнага відэа і наплыў расейскіх вайскоўцаў з пасылкамі ў пачатку красавіка. Пазней у кур'ерскай службе наважылі не прымаць да адпраўкі тавары, калі ў адпраўніка няма на іх чэка ці іншага пацвярджэння правоў уласнасці.

Апошнія навіны