Замест адной чаргі на апастыль у МЗС зараз стаяць тры
- 29.04.2022, 21:38
Жывая чарга для іншагародніх расцягнулася на два тыдні.
Чарга па апастыль каля галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў цяпер ператварылася ў тры чаргі, піша dev.by.
Гэта - чэргі на папярэдні запіс, на падачу дакументаў паводле папярэдняга запісу і чарга іншагародніх. Прычым папярэдні запіс вядзецца ўжо не на два тыдні, а на чатыры месяцы наперад. Цяпер запісваюць на 20 жніўня.
Жывая чарга для іншагародніх расцягнулася на два тыдні. Прычым жыхары Менскай вобласці іншагароднімі не лічацца. (Нагадаем, што, напрыклад, Мядзельскі і Любанскі раёны таксама ўваходзяць у Менскую вобласць.)
У пачатку сакавіка МЗС перапыніў прыём дакументаў на апастыль на 10 дзён. У выніку ўтварылася доўгая чарга з ахвочых пацвердзіць свае дакументы для выезду за мяжу. Для барацьбы з чаргой МЗС увяло папярэдні запіс + жывую чаргу для іншагародніх.