Украінскія байцы зноў перашкодзілі расейцам фарсіраваць Северскі Данец
- 13.05.2022, 21:21
Ужо дзявятым разам.
Украінскія дэсантнікі разбурылі пантонныя пераправы і дзявятым разам перашкодзілі расейцам фарсіраваць раку Северскі Данец. Падчас вайсковай аперацыі байцы знішчылі больш за 70 адзінак тэхнікі РФ.
Пра гэта паведамляе РБК-Украина са спасылкай на 80 асобную дэсантна-штурмавую брыгаду ДШВ УСУ.
Між іншым, падчас аперацый было знішчана сама меней 73 адзінкі тэхнікі, сярод іх:
танкі Т-72;
баявыя машыны пяхоты;
баявыя машыны дэсанта;
бронетранспарцёры;
грузавыя аўтамабілі і іншая спецтэхніка.
Нягледзячы на страты, часткі войскаў РФ удалося прарвацца і пераправіцца на іншы бераг. Замацавацца на пазіцыях ім перашкодзілі штурмавыя падраздзяленні 80 брыгады.
«Жорсткія цяжкія баі працягваліся блізу двух дзён. Дзякуючы прафесіяналізму, зладжанасці і навыкам асабовага складу ў карыстанні ПТРК «Джавелін» і «NLAW» байцы добра далі «па зубах» акупантам, якія ўцякаючы наважылі пакінуць нам зброю і маёмасць. Дэсантнікі знішчылі цэлую батальённа-тактычную групу захопнікаў», - гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, адзначаецца, што зараз ад расейскай мотастралковай брыгады засталася толькі згарэлая і патопленая тэхніка і раскіданыя целы вайскоўцаў.