Матузянік: Расейцы могуць перакінуць у Беларусь свае войскі ды пачаць новы наступ
- 21.06.2022, 19:38
Беларуская старана дае расейскай усю лагістыку.
Каля меж з Украінай Беларусь засяродзіла блізу 4 тысячы вайскоўцаў. Але Расея можа хутка перакінуць свае войскі ў Беларусь і падрыхтаваць новы наступ.
Пра гэта ў эфіры тэлемарафону Единые новости расказаў прадстаўнік Міністэрства абароны Украіны Аляксандр Матузянік.
- На мяжы ў Берасцейскай і Гомельскай абласцях цяпер да сямі беларускіх батальёнаў. Гэта блізу 4 тысячы асабовага складу. Але трэба разумець, што там ёсць і расейскія войскі, я не скажу іх колькасць. Там ёсць шэраг паселішчаў, дзе яны раскватараваныя, - расказаў ён.
Ён адзначыў, што ўлічваючы, што беларуская старана дае расейскай усю лагістыку, цалкам магчымы варыянт, што "расейцы змогуць дастаткова хутка перакінуць на тэрыторыю Беларусі нейкія дадатковыя рэзервы, і, магчыма, падрыхтаваць наступ".
Паводле ягоных слоў, да такога сцэнару трэба рыхтавацца, але на сёння падобных дзеянняў не назіраецца.