Зяленскі ўхваліў ратыфікацыю Стамбульскай канвенцыі
- 21.06.2022, 20:01
Што гэта дасць Украіне.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон аб ратыфікацыі Стамбульскай канвенцыі аб прадухіленні гвалту ў дачыненні да жанчын і хатняга гвалту.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Instagram прэзідэнта Украіны.
"Закон аб ратыфікацыі Стамбульскай канвенцыі. Яе галоўны змест просты, але надзвычай важны. Гэта абавязацельства абараняць жанчын ад гвалту і розных форм дыскрымінацыі. Мы раздзяляем еўрапейскія каштоўнасці. Для нас жыццё і здароўе чалавека - самая высокая каштоўнасць", - адзначыў ён.
Што гэта дасць Украіне
Стамбульская канвенцыя з'яўляецца першым міжнародным юрыдычна абавязковым актам, які тычыцца прадухілення гвалту менавіта ў дачыненні да жанчын. Дакумент ахоплівае меры абароны ахвяр ад такога гвалту і пакаранне вінаватых.
Канвенцыя прызнае гвалт у дачыненні да жанчын адначасова і парушэннем правоў чалавека, і відам дыскрымінацыі. Яна прапануе падпісантам устанавіць крымінальную адказнасць за пераслед, прымусовы шлюб, прымусовы аборт, прымусовую стэрылізацыю і гэтак далей.