Зяленскі пазбавіў грамадзянства Каламойскага?
- 21.07.2022, 21:03
Пра гэта паведаміў украінскі нардэп Уласенка.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пазбавіў грамадзянства Украіны бізнэсоўца Ігара Каламойскага.
Пра гэта паведаміў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Сяргей Лешчанка ў Telegram, апублікаваўшы скрыншот дакумента ад нардэпа Сяргея Уласенкі, паведамляе «Новое время».
"З высокай дзеллю імавернасці, копія гэтага ўказа прэзідэнта аб пазбаўленні грамадзянства Украіны шэрагу асоб была перададзена нардэпу Сяргею Уласенку ў Цэнтрвыбаркаме", - паведаміў Лешчанка.
Апроч Каламойскага, украінскага грамадзянства пазбаўленыя: кіраўнік тэрытарыяльнай абароны Днепрапятроўшчыны Генадзь Корбан і дэпутаты Ігар Васількоўскі (Слуга народа) і Вадзім Рабіновіч (ад забароненай АПЗЖ).
Прычына пастановы ва ўказе не згадваецца, аднак крыніцы выдання zn.ua паведамлялі, што падставай сталі звесткі СБУ аб наяўнасці ў фігурантаў спісу грамадзянства іншых краін.
Паводле здымка, сам указ датаваны 18 ліпеня, аднак на сайце Офіса прэзідэнта такога дакумента дагэтуль няма. Гэта можна растлумачыць тым, што згаданы ўказ з'яўляецца таемным і не падлягае публікацыі.