Апарат NASA знайшоў на Месяцы месцы з камфортнай для жыцця тэмпературай
- 27.07.2022, 21:38
Магчыма, людзям, якія прыляцяць на спадарожнік Зямлі, давядзецца жыць у пячорах.
Навукоўцы, якія працуюць з NASA, з дапамогай апарата Lunar Reconnaissance Orbiter (LRO) выявілі на Месяцы зацененыя месцы, тэмпература ў якіх заўсёды вагаецца ў межах камфортных для чалавека 17 градусаў Цэльсію, паведамляе Phys.org.
Гэтыя западзіны могуць весці да пячор пад паверхняй Месяца і стаць надзейнымі месцамі для базавання тут даследчыкаў. Яны з'яўляюцца больш стабільнымі, чым паверхня спадарожніка нашай планеты, якая ўдзень награваецца да 127 градусаў Цэльсію і ахалоджваецца да -173 градусаў уночы.
Западзіны на Месяцы ўпершыню былі заўважаныя ў 2009 годзе, з тых часоў навукоўцы задавалі пытанне, ці вядуць яны да пячор, якія можна выкарыстоўваць у якасці схованак. Яны таксама могуць забяспечваць ахову ад касмічных прамянёў, радыяцыі і мікраметэарытаў.
"Блізу 16 з больш чым 200 ямін, напэўна, з’яўляюцца лававымі трубамі, якія абрынуліся", – сказаў Тайлер Гарват, дактарант планетарных навук Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Лос-Анджэлесе, які кіраваў новым даследаваннем.
Лававыя трубы, якія сустракаюцца і на Зямлі, фармуюцца, калі распаленая лава цячэ пад полем астылай лавы або над ёй утвараецца скарынка. У выніку з'яўляецца доўгі парожні тунэль. Калі столь такой трубы падае, расхінаецца яміна, якая можа весці ў пакінутую частку, якая нагадвае пячору.
Дзве з найболей прыкметных лававых труб маюць выступы, якія вядуць да ямін або пустэч. Ёсць таксама сведчанні таго, што выступ яшчэ адной можа весці да большай пячоры.
"Людзі эвалюцыянавалі, жывучы ў пячорах, і ў пячоры мы маглі б вярнуцца, калі будзем жыць на Месяцы", – заявіў адзін з аўтараў новага даследавання Дэвід Пэйдж.
У часе даследавання Гарват і ягоныя калегі вывучылі адну цыліндрычную западзіну глыбінёй блізу 100 мэтраў у абшары Месяца, які вядомы як Мора Спакою. Для аналізу цеплавых уласцівасцяў грунта і месяцовага пылу таксама склалі графік тэмпературы ў западзіне з цягам часу.
Яны высветлілі, што тэмпература ў западзіне нязначна вагаецца на працягу месяцовага дня, застаючыся блізу 17 градусаў Цэльсію. Калі пячора распасціраецца ад дна лававай трубы, на што паказваюць выявы Lunar Reconnaissance Orbiter, у ёй таксама мае захоўвацца камфортная тэмпература.
Навукоўцы мяркуюць, што стабільную тэмпературу лававых труб забяспечвае іх зацяненне, якое абмяжоўвае награванне днём і прадухіляе яго страту ўначы. Дзень на Месяцы доўжыцца блізу 15 зямных, на працягу якіх паверхня спадарожніка Зямлі ўвесь час падпадае пад уздзеянне сонечнага святла. У гэты час яна дастаткова гарачая, каб на ёй можна было загатаваць ваду.
Халодныя месяцовыя ночы таксама доўжацца блізу 15 зямных дзён.