ЗША пашырылі санкцыі ў дачыненні да Расеі
- 29.07.2022, 21:18
Хто патрапіў у спіс.
ЗША пашырылі санкцыі ў дачыненні да Расеі. У санкцыйны спіс уключаны дзве фізічныя асобы і чатыры арганізацыі з РФ. Пра гэта ў пятніцу, 29 ліпеня, паведамляе Управа кантролю за замежнымі актывамі міністэрства фінансаў ЗША (OFAC).
Штрафныя захады ўведзеныя супраць кіраўніка Цэнтра падтрымкі і развіцця грамадскіх ініцыятыў Наталлі Бурлінавай і заснавальніка Грамадскага камітэта выяўлення замежнага ўмяшання Аляксандра Іёнава.
Акрамя таго, санкцыі Вашынгтона накіраваны на звязаныя з Бурлінавай і Іёнавым арганізацыі – Антыглабалісцкі рух Расеі (АДР), ТАА “Іёнаў Транскантынентал” і інфармацыйнае агенцтва Stop-Imperialism («Стоп-імперыялізм”, SI), Цэнтр падтрымкі і развіцця грамадскіх ініцыятыў “Крэатыўная дыпламатыя”.
"Унесеныя сёння ў спіс фізічныя і юрыдычныя асобы адыгрывалі розныя ролі ў спробах Расеі маніпуляваць і дэстабілізаваць Злучаныя Штаты і іх хаўруснікаў і партнёраў, уключаючы Украіну", – падае агенцтва Reuters вытрымку з паведамлення Мінфіна ЗША.
Абвінавачанні Мінюста ЗША на адрас Іёна
Між тым міністэрства юстыцыі ЗША ў гэты ж дзень выставіла Іёнаву завочнае абвінавачанне ў "арганізацыі шматгадовай кампаніі зламыснага ўплыву". Расеец выкарыстоўваў для гэтага арганізацыю АДР, дадалі ў Вашынгтоне.
Паводле абвінаваўчага выраку, Іёнаў дзейнічаў пад наглядам Федэральнай службы бяспекі РФ і вербаваў палітычныя групы ў штатах Фларыда, Джорджыя і Каліфорнія, праз якія "распаўсюджваў прарасейскую прапаганду". Мінюст не дазволіць Расеі "сеяць супярэчнасці і распаўсюджваць дэзінфармацыю ўнутры Злучаных Штатаў", адзначылі ў ведамстве.