У БЧ заканчваюцца рэйкі
- 13.09.2022, 23:15
Раней іх набывалі ў асноўным на «Азоўсталі».
Супрацоўнікі Беларускай чыгункі паведамілі, што ў прадпрыемства праблема з набыццём чыгуначных рэек. Паводле словаў суразмоўцаў, гэта можа быць звязанае са спыненнем працы металургічнага камбіната "Азоўсталь" у акупаваным Марыюпалі.
Пра гэта "Люстэрку" расказалі некалькі не звязаных паміж сабой крыніцаў. Супрацоўнікі прадпрыемства гавораць, што цяпер рэек не стае. Паводле словаў Змітра (імя змененае), супрацоўніка аднаго са структурных падраздзяленняў, паставак на ягоны адрэзак "не было гады тры-чатыры":
– Цяпер якраз служба ўзялася за дэфектныя рэйкі і патрабуе, каб іх колькасць зменшылася, але рэек на замену няма. Вынеслі ўвесь мозг. Рэйкі ў нас ужо скончыліся. Цяпер арганізаваны іх рамонт і зварка з кавалкаў: мы наплаўляем дэфектныя месцы, выразаем і ўстаўляем гэтыя кавалкі. Цяпер толькі яны ў нас і засталіся. Часам нам перадаюць старагоднія рэйкі пасля дэмантажу некарыстаных шляхоў або тыя, што знялі са шляхоў першага класу, з хуткасным рухам. Цяпер старагадовых у нас практычна няма.
Зміцер кажа, што такая сітуацыя і ў іншых структурных падраздзяленнях. Гэта нашаму журналісту пацвердзіў прадстаўнік "Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі" Сяргей Вайцяховіч:
– Ёсць недахоп рэйкашпальнай рашоткі. Пра гэта мне казалі яшчэ тыдні тры таму супрацоўнікі службы пуці. Нейкі запас застаецца – ёсць нейкая колькасць, якая паводле нарматываў павінна захоўвацца, скажам, "недатыкальна" на выпадак нейкага крушэння, сходу. Проста той запас, які быў, ужо выкарыстоўваюць. Пакуль не магу сказаць, з чым гэта звязанае. Магчыма, іншыя пастаўшчыкі адмаўляюцца пастаўляць, тады чаму ў Расеі не могуць набыць? Можа, там таксама недахоп.
Зміцер дэфіцыт звязвае з тым, што БЧ больш не можа набываць рэйкі ў марыюпальскага камбіната, які быў разгромлены падчас баявых дзеянняў. А ў расейскіх пастаўшчыкоў яны каштуюць даражэй.
– Раней у нас у асноўным былі рэйкі з "Азоўсталі", яны былі таннейшыя за расейскі аналаг. Але іх і ў "тлустыя гады" набывалі вельмі мала. А цяпер, думаю, яны сталі дэфіцытам, бо пастаўшчык адзін – РФ. Там ведаюць, што нам дзявацца цяпер няма куды і канкурэнтаў у іх няма, і ломяць кошт са столі, – выказаў здагадку мужчына.
Паводле словаў мужчыны, пакуль гэта ніяк не адбіваецца на чыгуначных шляхах. Але праз паўтара-два гады "могуць пачацца сур'ёзныя праблемы, калі нічога не зменіцца ў лепшы бок". Таксама мяркуе і Вайцяховіч:
– Магчыма, будзе праблематычна правесці замену пры дэфекце рэек або нейкую планавую, калі яны выпрацуюць свой тэрмін. Але цяпер не стае і стрэлкавых пераводаў, таму што яны пастаўляюцца ў сабраным выглядзе, – сказаў на заканчэнне суразмоўца.
Мы двойчы паспрабавалі атрымаць каментар у прэсавай службе Беларускай чыгункі. Упершыню размова атрымалася кароткая:
– Ну што вы глупства кажаце? Напішыце пісьмовы запыт, – адказалі праз тэлефон і кінулі слухаўку.
Другі раз супрацоўніца перапыніла размову, як толькі журналіст назваўся і задаў пытанне.