Шольц паўтары гадзіны заклікаў Пуціна вывесці войскі з Украіна
- 13.09.2022, 19:49
Канцлер Нямеччыны і прэзідэнт РФ правялі тэлефонную размову.
Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін правялі 1,5 гадзінную тэлефонную размову, якая тычыцца вайны РФ супраць Украіны і яе наступстваў.
Пра гэта піша РБК-Украіна са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка ўрада Нямеччыны Штэфена Хебестрайта.
Шольц заклікаў Пуціна як мага хутчэй знайсці дыпламатычнае выйсце, заснаванае на спыненні агню, поўным вывадзе расейскіх войскаў і павазе тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны. Ён падкрэсліў, што любыя далейшыя крокі Расеі ў анэксіі не застануцца без адказу і не будуць прызнаныя ні пры якіх абставінах.
Таксама канцлер Нямеччыны заклікаў Пуціна абыходзіцца з узятымі ў палон камбатантамі ў адпаведнасці з палажэннямі міжнароднага гуманітарнага права, а таксама забяспечыць бесперашкодны доступ да іх Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа.
Акрамя гэтага, Шольц падкрэсліў неабходнасць гарантавання бяспекі Запарожскай АЭС. Ён заклікаў унікаць любых крокаў эскалацыі і неадкладна выконваць захады, рэкамендаваныя ў дакладзе МАГАТЭ.
Шольц і Пуцін таксама гаварылі пра харчовы крызіс. Канцлер падкрэсліў важную ролю збожжавага пагаднення пад эгідай ААН і звярнуўся да прэзідэнта Расеі з заклікам не дыскрэдытаваць пагадненне і надалей выконваць яго ў поўным аб'ёме.