BE RU EN

Расейская геалагічная выведка на 70% залежыць ад абсталявання заходніх краін

  • 13.09.2022, 20:13

Гэта канстатаваў кіраўнік Раснедра.

Расейская геолагавыведка на 70% залежыць ад абсталявання заходніх краін, паведаміў кіраўнік Федэральнага агенцтва карыстання нетрамі Яўгеній Пятроў у інтэрв'ю ТАСС. Паводле ягоных слоў, гэта адна з асноўных праблем, якая "была і застаецца".

Цяпер Раснедра распрацоўваюць тэхналагічныя карты з вынікамі выкарыстання абсталявання і тэхналогій на канкрэтных радовішчах. Гэта неабходна для разумення, што трэба зрабіць дзяржаве для імпартазамяшчэння, развіцця лагістыкі і інфраструктуры, растлумачыў Пятроў.

Ён таксама прызнаў моцную залежнасць галіны ад замежных тэхналогій у частцы мікраэлектронікі і праграмнага забеспячэння (ПЗ). «Мы маем складанасці з ПЗ, якія забяспечваюць як лакальнае, так і комплекснае кіраванне радовішчам на ўсіх этапах жыццёвага цыклу. Шмат якія ўнутраныя працэсы кампаній глыбока завязаныя на замежным ПЗ. Гэта фармавалася дзесяцігоддзямі, і не так проста за пару месяцаў усё памяняць. На гэта патрэбныя гады», - удакладніў Пятроў.

Што да фізічнага абсталявання для геолагавыведкі, кіраўнік Раснедра расказаў аб наяўнасці "вельмі добрых айчынных аналагаў". Аднак для іх таксама выкарыстоўвалася замежная мікраэлектроніка і кампанентная база, якую Расея страціла праз санкцыі. «Ёсць дробная элементная база, аналагаў якой у Расеі пакуль няма. Таму казаць пра тое, каб паўнавартасна перавесці ўвесь сэрвіс, напрыклад, для свідравой, марской або наземнай выведкі цалкам на расейскае абсталяванне, сёння аб'ектыўна мы не можам», - адзначыў Пятроў.

Паводле ягоных прагнозаў, "практычна поўныя аналагі неабходнага геолагавыведнага абсталявання" краіна атрымае толькі праз 1-1,5 года. Пры гэтым у арктычных рэгіёнах да выкарыстання расейскай тэхнікі "шмат хто пакуль ставіцца з асцярогай", бо "не заўсёды дацягвае якасць і сэрвіснае абслугоўванне", а гэта пагражае аварыямі, дадаў Пятроў.

Кіраўнік Раснедра паскардзіўся і на "каласальную праблему з кадрамі". «Вазьміце кожнага нетракарыстальніка, спытайце, якая ягоная асноўная праблема, і ўсё скажуць адно: дэфіцыт кадраў. Знайсці добрага кваліфікаванага геолага стала вялікай праблемай. У апошнія гады ўпершыню ўзнік недабор на геалагічныя спецыяльнасці ў шмат якіх ВНУ», - сказаў Пятроў.

Цяпер агенцтва спрабуе папулярызаваць гэты кірунак, каб уцягнуць у галіну моладзь. Для гэтага наважылі перафарматаваць школьны рух "Юны геолаг", які існуе з 1965 года. Раснедра скаапераваліся з нетракарыстальнікамі ды акадэмічнымі інстытутамі, каб арганізаваць алімпіяду для падлеткаў, а ў 2023 годзе далучыць да яе яшчэ і студэнтаў. Разам з тым Пятроў мяркуе, што эфект ад такой папулярызацыі выявіцца толькі праз 7-10 год.

Апошнія навіны