У Менску двое студэнтаў з Туркменістана падманулі свайго знаёмца з Азербайджана на 55 тысяч рублёў
- 13.09.2022, 20:25
Адзін з хлопцаў паспрабаваў выехаць з Беларусі.
У Менску за махлярства на вельмі вялікую суму затрымалі двух студэнтаў з Туркменістана. Адзін з хлопцаў паспрабаваў выехаць з Беларусі, але быў затрыманы ля мяжы, паведамляецца на сайце Генеральнай пракуратуры.
Двое замежнікаў, якім 22 і 26 гадоў, у канцы жніўня 2022 года пад маркай дапамогі завалодалі сродкамі грамадзяніна Азербайджана.
Мужчына хацеў абысці ўстаноўленыя абмежаванні міжнародных грашовых пераводаў і папрасіў сваіх знаёмцаў перавесці грошы ад іхняга імя.
Пасля таго, як аперацыя была ажыццёўленая, хлопцы звярнуліся ў банк з заявамі аб яе скасаванні і такім чынам завалодалі больш як 1,3 млн расейскіх рублёў (амаль 55 тысяч беларускіх рублёў).
У дачыненні да грамадзян Туркменістана была распачатая крымінальная справа паводле артыкулу аб махлярстве на вельмі вялікую суму. Студэнтаў узялі пад варту.