Рагозін напісаў данос на мільярдэра Фрыдмана, які вярнуўся ў Расею
- 11.10.2023, 20:51
Былы кіраўнік «Раскосмасу» папрасіў праверыць мільярдэра на фінансаванне ўкраінскага войска.
Былы кіраўнік «Раскосмасу» Дзмітрый Рагозін, які стаў сенатарам ад Запарожскай вобласці, папрасіў праверыць мільярдэра Міхаіла Фрыдмана на фінансаванне ўкраінскага войска. Звароты накіраваныя ў Следчы камітэт, Генпракуратуру і ФСБ, паведаміў ён «РІА Навіны». Рагозін падкрэсліў, што фінансаванне УСУ «падпадае пад жорсткі артыкул» Крымінальнага кодэкса.
Напярэдадні стала вядома, што з патрабаваннем праверыць Фрыдмана звярнуўся ў Генпракуратуру кіраўнік руху «Войска абаронцаў Айчыны» Іван Атракоўскі. Ён нагадаў, што бізнэсмэн і ягоны бізнэс-партнёр Пётр Авен, дамагаючыся зняцця санкцый ЗША і ЕЗ, перавялі на дапамогу Украіне 150 млн еўраў. Мільярдэру можа пагражаць справа паводле артыкулаў аб дыскрэдытацыі войска і дзяржздрадзе. Апошняя прадугледжвае пакаранне ажно да пажыццёвага зняволення.
Пра вяртанне Фрыдмана з Вялікай Брытаніі ў Расею стала вядома 9 кастрычніка. Ён знаходзіцца ў Маскве і «цяпер плануе наведваць Расею рэгулярна», заявілі ў заснаванай бізнэсмэнам «Альфа-Груп».
Сам Фрыдман удакладніў, што тыдзень таму пераехаў у Ізраіль, а потым быў вымушаны паляцець у Маскву праз напад баевікоў ХАМАС на краіну. «Калі ўсё ўляжацца, я планую вярнуцца ў Ізраіль і жыць там на сталай аснове. Немагчыма жыць у Вялікай Брытаніі пад санкцыямі», – паведаміў ён.
Да пераезду з Лондана ў Маскву мільярдэр вёў кулуарныя перамовы, каб ацаніць патэнцыйную рэакцыю грамадства і праваахоўных органаў на ягонае вяртанне, пісаў Mash. Спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў гаварыў, што Фрыдман – расеец «і можа вяртацца, тут жыць, адсюль з'язджаць як любы грамадзянін» краіны.
Заснавальнікі «Альфа-Груп» пакінулі Расею пасля пачатку вайны ва Украіне. Фрыдман, які нарадзіўся ў Львове, у лісце супрацоўнікам называў тое, што адбываецца, «трагедыяй» і заклікаў спыніць «кровапраліцце», аднак публічна супраць уварвання не выказваўся. Практычна адразу мільярдэра ўключылі ў чорныя спісы ЕЗ і Вялікай Брытаніі, а ў жніўні ён патрапіў у SND-ліст ЗША.
The Wall Street Journal пісаў, што бізнэсмэн прапаноўваў перавесці адзін мільярд даляраў на дапамогу Украіне ў абмен на зняцце еўрапейскіх санкцыяў. Таксама Фрыдман заяўляў пра гатоўнасць падарыць 11-ы ў велічыні актываў банк ва Украіне – Sense Bank (былы «Альфа-банк Украіна») дзяржаве. Крэдытная арганізацыя была прымусова нацыяналізаваная ў ліпені 2023 года. А ў жніўні пракуратура Украіны пачала крымінальную справу супраць Фрыдмана паводле падазрэння ў вывадзе за мяжу з Sense Bank 700 млн грыўняў (1,84 млрд рублёў).
У пачатку верасня СБУ прад'явіла бізнэсмэну падазрэнне паводле крымінальнага артыкула аб фінансаванні вайны. А 6 кастрычніка суд ва Украіне арыштаваў усе актывы кампаній, якія належаць мільярдэру і ягоным партнёрам Пятру Авену і Андрэю Касогаву, на 17 млрд грыўняў ($ 460 млн).
Акрамя гэтага, Фрыдман зазнаў пераслед у Вялікай Брытаніі. У снежні 2022 года ў ягоным доме ў Лондане прайшоў ператрус у рамках справы аб ухіленні ад санкцый і махлярстве. Бізнэсмэна затрымалі і надзелі на яго кайданкі. Але пазней справу спынілі, бо ордар на ператрус быў аформлены з парушэннямі. Фрыдман прызнаваўся, што адчуў сябе «прыніжаным і неабароненым» і страціў адчуванне «спакою і стабільнасці», якое давала жыццё ў Лондане.