У Гомелі затрымалі сама меней шэсць чалавек
- 9.10.2023, 21:16
Дашлі і да ведамства Шуневіча.
Гомельскія сілавікі паведамілі пра чарговае затрыманне беларусаў за каментары і рэакцыі «экстрэмісцкага» зместу, піша «Наша Нiва».
З відэа, якое публікуе адзін з праўладных каналаў, вынікае, што затрымана сама меней шэсць чалавек.
На відэа адзін з затрыманых кажа, што пісаў абразлівыя каментары «на адрас Расеі і расейцаў». Яшчэ адзін мужчына кажа, што на ягонай старонцы знайшлі «экстрэмісцкія» публікацыі, дзве жанчыны кажуць, што былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» каналы.
Некаторых з іх затрымлівалі непасрэдна на працоўным месцы.
На адным з кабінетаў заўважная шыльда: «Намеснік старшыні Кацур Аляксей Міхайлавіч», гэта значыць затрыманні адбыліся ў абласным аддзяленні «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Таварыства ўзначальвае былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.