Die Welt: «Барсэлону» могуць адхіліць ад Лігі чэмпіёнаў
- 22.12.2023, 21:02
У фінансавай справаздачнасці каталонскага клуба «пануе бардак».
"Барсэлоне" пагражае адхіленне ад удзелу ў Лізе чэмпіёнаў пачынаючы з сезона 2024/25 праз парушэнні фінансавага рэгламенту УЕФА. Аб гэтым паведамляе газета Die Welt са спасылкай на крыніцы ва УЕФА і клубе.
Згодна з фінансавым рэгламентам УЕФА, клубы абавязаны кампенсаваць выдаткі адпаведнымі даходамі. Ацэньваецца трохгадовы цыкл.
"Барсэлона" абвясціла пра чысты прыбытак на €304 млн у верасні. Гэта азначала, што магчымыя санкцыі, якія, паводле інфармацыі газеты, абмяркоўваліся больш за год, камандзе не пагражалі. Аднак, што да фінансавага рэгулявання УЕФА, вызначальнае значэнне маюць толькі даходы, якія можна наўпрост аднесці да футбольнага бізнэсу.
У апошняй гадавой справаздачы клуба паведамляецца аб прыбытках на сотні мільёнаў еўраў, напрыклад, ад продажу будучых тэлевізійных і маркетынгавых правоў, а таксама ад іншых відаў спорту. Аднак яны не ўплываюць на адзнаку ЎЕФА. Крыніцы ў арганізацыі заявілі, што ў фінансавай справаздачнасці клуба “пануе вэрхал”. Ходзяць размовы аб адхіленні ад Лігі чэмпіёнаў "на два-тры гады". “Чым большыя страты, тым большы штраф”, — сказалі крыніцы.
Mundo Deportivo раней паведамляла, што "Барсэлона" можа атрымаць €1 млрд, калі стане ўдзельніцай новай еўрапейскай Суперлігі. Суд Еўрапейскага звязу 21 снежня прызнаў незаконнай забарону клубам удзельнічаць у Суперлізе, якую наклалі ФІФА і УЕФА. На думку суда, пастановы ФІФА і УЕФА супярэчаць еўрапейскаму заканадаўству.
Гісторыя са стварэннем новага турніру цягнецца яшчэ з вясны 2021 года. Цяпер з Суперлігі не выйшлі толькі "Рэал" і "Барсэлона".