BE RU EN

У Гішпаніі выкрылі найбуйнейшую ў Еўропе лабараторыю для вырабу какаіну

  • 13.04.2023, 21:05

Наркалабараторыя кантралявалася зламыснікамі ў Калумбіі ды Мэксіцы.

Гішпанскія праваахоўнікі супольна з Партугаліяй і Калумбіяй выкрылі, як сцвярджаецца, найбуйнейшую ў Еўропе нелегальную лабараторыю для вырабу какаіну магутнасцю 200 кілаграмаў штодзень, якая кантралявалася зламыснікамі ў Калумбіі ды Мэксіцы.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Нацыянальнай паліцыі Гішпаніі.

Наркалабараторыя ў Гішпаніі, як сцвярджаецца, 24 гадзіны працавала на поўную магутнасць. У ёй какаінавую аснову ператваралі ў гідрахларыд какаіну, гатовы да ўжывання.

"Злачынная арганізацыя, якая была зліквідаваная, вызначалася высокім узроўнем арганізаванасці, а яе сябры ўжывалі строгія захады бяспекі, такія як выкарыстанне мянушак і чоўнавых транспартных сродкаў, пераадзяванне вознікаў і падпарадкаванне іхніх стасункаў строгаму пратаколу", – адзначае гішпанская паліцыя.

У рамках спецыяльнай аперацыі праваахоўнікі арыштавалі амаль 40 чалавек у Гішпаніі, якіх узялі пад варту, і сканфіскавалі 1300 кілаграмаў какаінавай асновы, 151 кілаграм гідрахларыду какаіну і больш за 23 тысячы літраў прэкурсораў ды іншых хімічных рэчываў. Таксама было замарожана 17 аб'ектаў нерухомасці вартасцю блізу 1,7 мільёна еўраў і 37 фінансавых рахункаў.

Расследаванне пачалося ў кастрычніку 2022 года, калі праваахоўнікам Гішпаніі стала вядома аб існаванні міжнароднай злачыннай арганізацыі, якая базавалася ў Лас-Пальмас-дэ-Гран-Канарыі.

Першыя расследаванні паказалі, што яна мела магутную інфраструктуру, якая дазваляла ўвозіць у Гішпанію буйныя партыі наркотыкаў. Акрамя таго, паасобныя яе сябры ўжо былі аб'ектамі папярэдніх расследаванняў паліцыі, што сведчыць аб высокім узроўні жыцця, які яны падтрымлівалі.

Зламыснікі наладзілі разгалінаваны працэс выраб какаіну, які ахапіў розныя рэгіёны Гішпаніі. У адным захоўваліся прэкурсоры, у іншым - вырабляўся какаін, трэцяя лакацыя выкарыстоўвалася як лагістычны цэнтр.

«Дэмантаваная лабараторыя была беспрэцэдэнтнай сваімі маштабамі у Еўропе. Яна мела самыя сучасныя сістэмы выцягвання паветра і складанае абсталяванне для ахаладжэння і награвання рэчываў», - падкрэсліваецца ў паведамленні.

Апошнія навіны