BE RU EN

ЗША пачалі паляванне на тых, хто кіруе актывамі расейскіх алігархаў

  • 21.04.2023, 21:00

Для гэтага выкарыстоўваюцца новыя метады.

У пагоні на актывы расейцаў, якія трапілі пад санкцыі, амерыканскія ўлады выкарыстоўваюць новыя метады.

«Мы не проста дасылаем позву і спадзяемся, што людзі ўсё нам раскажуць, – растлумачыў a target="_blank" href=https://www.bloomberg.com/news/articles/2023-04-21/russian-sanctions-us-expands-search-for-evaders-to-advisers-hedge-funds>Bloomberg Эдам Эдамс, дырэктар працоўнай групы «Злаві клептакрата» пры Міністэрстве фінансаў ЗША, маючы на ўвазе тых, хто дапамагае алігархам і памагатым пуцінскага рэжыму хаваць іх актывы. – Мы засылаем нашы крыніцы. Праводзім аперацыі пад прыкрыццём. Выкарыстоўваем інфарматараў, ордары на арышт і таемныя дзеянні».

Падобным метадам Эдамсу вучыцца не трэба – ён быў намеснікам пракурора Манхэтэна і змагаўся з арганізаванай злачыннасцю. Ягоная група актыўна выкарыстоўвае розныя падыходы, у тым ліку ордары і паказанні пад прысягай, каб прымусіць кампаніі-пустышкі, з дапамогай якіх хаваюцца сапраўдныя ўладальнікі актываў, раскрыць як мага больш інфармацыі. Гэта, напрыклад, прымусіла страхавыя кампаніі скасаваць полісы для самалётаў, якімі лёталі багатыя расейцы, у выніку чаго іх эксплуатацыя фактычна была спыненая, растлумачыў Эдамс.

Але цяпер група «Злаві клептакрата» ідзе яшчэ далей, спрабуючы дабрацца да людзей у іншых юрысдыкцыях і афшорах, фірмах, якія займаюцца кіраваннем актывамі, фінансавымі кансультацыямі, юрыдычным суправаджэннем аперацый ва ўтойванні актываў, у хэдж-фондах і фондах прамых інвестыцый. У той час як банкі ў ЗША і Заходняй Еўропе дастаткова эфектыўна выконваюць санкцыі, «ёсць у свеце такія месцы, дзе падобнай культуры не існуе», тлумачыць Эдамс.

Прыярытэтнай мэтай ягонай групы цяпер становяцца людзі, што спрыяюць расейцам, якія трапілі пад санкцыі, ва ўтойванні актываў. Пад гэтае азначэнне, паводле словаў Эдамса, падыходзяць «людзі ў банках, якім пляваць на санкцыі ЗША, або адмыванне грошай, або відавочнае махлярства»:

Ёсць афшорныя інвестыцыйныя дарадцы розных масцяў або юрыдычныя фірмы па ўсім свеце, якія арганізуюць такога кшталту працу шляхам стварэння эскроу-рахункаў або рэгістрацыі кампаній-пустышак.

Пра першыя вынікі такога падыходу стала вядома на днях. ЗША і Вялікая Брытанія ўвялі санкцыі супраць некалькіх кампаній, грамадзянаў і рэзідэнтаў Кіпра. Хрыстадуласа Васіліядэса ЗША абвінавацілі ў супрацоўніцтве з Алішэрам Усманавым, а Дэметрыса Іяанідэса — у працы на Рамана Абрамовіча: яны дапамагалі мільярдэрам перапісваць актывы на сваякоў і трасты, каб схаваць іх ад санкцыяў.

Эдамс таксама хоча пашырыць магчымасці Мінфіна ў перадачы канфіскаваных актываў Украіне. Пасля пачатку вайны ЗША ўжо арыштавалі яхты, нерухомасць і прыватныя самалёты расейцаў на агульную суму больш за $500 млн. Кангрэс нядаўна дазволіў канфіскоўваць актывы за парушэнне санкцый; але пакуль Украіне дазволена перавесці, паводле словаў Эдамса, «кроплю ў моры» – $5,4 млн.

Між тым пад гэтае вызначэнне не трапляюць самалёты, перамяшчэнне якіх абмежаванае захадамі экспартнага кантролю. Таму Эдамс і намесніца міністра юстыцыі Лайза Манака на гэтым тыдні папрасілі Кангрэс пашырыць магчымасці ўстановы, дазволіўшы перадаваць Украіне актывы і сродкі, атрыманыя пры спыненні парушэння якраз экспартных санкцый. Раней ЗША арыштавалі два самалёты Абрамовіча за тое, што яны пасля ўвядзення абмежаванняў спрабавалі вылецець з ЗША. Мільярдэр аспрэчвае гэты крок у судзе.

Эдамс спадзяецца, што дадатковыя паўнамоцтвы дазволяць на парадак павялічыць сумы, якія можна будзе накіраваць на аднаўленне Украіны.

Апошнія навіны