Экс-дэпутатка парламента Швецыі ўступіла ў шэрагі УСУ
- 23.04.2023, 21:15
Кэралін Нордэнгрып працуе інструктарам для навабранцаў.
Былая дэпутатка шведскага парламента Кэралін Нордэнгрып ад партыі «Шведскія дэмакраты» падпісала кантракт і ўступіла ў шэрагі УСУ. Пра гэта яна паведаміла ў апублікаваным 23 красавіка інтэрв'ю «Радыё Свабода».
Нордэнгрып была дэпутаткай Рыксдага з 2018-га да 2022 года, усяго кар'еры ў палітыцы аддала 15 гадоў. Згодна з падпісаным з УСУ кантрактам яна будзе служыць у 47-й асобнай механізаванай брыгадзе «Магура» і праходзіць падрыхтоўку перад адпраўкай на перадавую.
Кардынальна змяніць жыццё палітык наважыла пасля ўбачанага ў навінах з дэакупаваных Ірпеня і Бучы.
«Для мяне ўсё пачалося яшчэ ў Рыксдагу, на сустрэчы, даслоўна на 2-гі дзень пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Ваш амбасадар быў у Швецыі і расказваў нам, якая сітуацыя ва Украіне. І я так добра памятаю момант, калі апусціла вочы, паглядзела на свой нятанны гарнітур і падумала: што я тут раблю? Я ж вайсковец! І даслоўна праз тыдзень я ўжо была ва Украіне», - кажа шведка.
У сакавіку мінулага года яна правяла ва Украіне 6 тыдняў, між іншым у Кіеўскай вобласці, а затым, як кажа, праз працы ў шведскім парламенце, вымушана была вярнуцца дадому. Аднак думкі аб службе ў УСУ яе не пакідалі.
Экс-дэпутатка прайшла праверку і адбор у шэрагі ўкраінскага войска, і ўжо працуе інструктарам для навабранцаў у 47 АМБр.
«У гэтай брыгадзе служыць яшчэ адзін швед... Я прыехала да іх, прайшла выпрабавальны перыяд, і праз некалькі месяцаў яны сказалі, што задаволены маёй працай і хочуць пакінуць мяне трэнерам навучальнага падраздзялення. І мне вельмі падабаецца працаваць з імі, гэта выдатная брыгада. Я ў пяхоце. Так што я стралок. Гэтым я займалася і ў шведскім войску», - распавяла вайсковец.