BE RU EN

У Львове паказалі, як будуюць школу на 3D-друкарцы

  • 23.05.2023, 21:22

Фота і відэа.

У Львове будуюць першы ва Украіне навучальны корпус пачатковай школы з дапамогай 3D-друкаркі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Львоўскай гарадской адміністрацыі.

Гэта будзе новы навучальны корпус для першакласнікаў школы №23 на вул. Варшаўскай, 126. Паводле папярэдніх разлікаў, гэта будзе найбуйнейшае навучальнае збудаванне ў свеце, пабудаванае з дапамогай 3D-друкаркі.

Закончыць будаўніцтва сценаў і дахі корпуса плануюць у чэрвені. Новы корпус школы адчыніцца для наведвання 100 навучэнцаў ужо ў 2024 годзе.

Паводле канцэпцыі праекта, навучальны корпус будзе мець адзін паверх, дзе будуць размешчаныя класныя пакоі, настаўніцкая, санвузлы і хол з інклюзіўнай прасторай, здольнай прыняць усе катэгорыі вучняў, у тым ліку дзяцей з асаблівымі патрэбамі. Акрамя таго, 90% неабходных для будаўніцтва матэрыялаў выраблены ва Украіне.

«Гэта вельмі важны праект для аднаўлення Украіны. Мы плануем адчыніць трэнінгавы цэнтр, каб навучыць людзей ва Украіне працаваць з гэтымі тэхналогіямі і развіваць 3D будаўніцтва ва Украіне. Плануем пабудаваць мост у Херсоне з дапамогай гэтай тэхналогіі», – расказаў Жан-Крыстаф Боні, заснавальнік гуманітарнага фонду Team4UA, які займаецца будаўніцтвам корпуса.

Апошнія навіны