У расейскіх прызыўнікоў будуць забіраць пашпарты
- 23.05.2023, 21:37
Прызыўнікі павінны будуць здаваць свае пашпарты цягам 5 дзён пасля абвяшчэння аб наборы.
Дзярждума РФ у аўторак, 23 траўня, ухваліла ў трэцім, канчатковым чытанні папраўкі ў закон "Аб парадку выезду з Расейскай Федэрацыі і ўезду ў Расейскую Федэрацыю", які абавязвае набраных на ваенную або на альтэрнатыўную грамадзянскую службу здаваць замежныя пашпарты на захоўванне ў орган, які выдаў гэты дакумент, паведамляе DW.
Прызыўнік будзе абавязаны здаць пашпарт на захоўванне цягам пяці дзён пасля абвяшчэння аб наборы, а забраць яго ён зможа пасля заканчэння тэрміну часовага абмежавання на выезд з краіны, звязанага з наборам, або пасля заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта.
Калі замежны пашпарт не будзе перададзены на захоўванне ва ўпаўнаважаны орган без уважлівай прычыны, то ён будзе прызнаны несапраўдным. Таксама пашпарт будзе прызнавацца несапраўдным у выпадку змянення ягоным уладальнікам прозвішча, імя, імя па бацьку або звестак аб даце і месцы народзінаў, змянення полу і спынення грамадзянства.
Папраўкі яшчэ павінны быць ухваленыя Радай Федэрацыі і падпісаныя прэзідэнтам РФ, яны пачнуць дзеянне праз 180 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.