Былая начмед шклоўскай калоніі, дзе памёр палітвязень Вітольд Ашурак, пайшла на павышэнне
- 21.06.2023, 19:38
Дзе яна працуе цяпер?
На мінулым тыдні стала вядома, што ў траўні са шклоўскай калоніі, дзе памёр палітвязень Вітольд Ашурак, звольнілася начмед Наталля Дабрадзеравец. Як стала вядома «Зеркалу», Дабрадзеравец пайшла на павышэнне.
Крыніца, знаёмая з сітуацыяй, распавяла «Зеркалу», што Дабрадзеравец пайшла на павышэнне і цяпер працуе ў ЛПП №7 у Магілёве:
- У Шклове была начальніцай медыцынскай часткі - у Магілёве яна намесніца начальніка ўстановы па лячэбна-прафілактычнай працы. Там была маёрам - тут падпалкоўнік. Гэта ні з чым не звязанае, яна проста пайшла на павышэнне.
У ЛПП №7, куды журналістка «Зеркала» патэлефанавала як жыхарка горада, пацвердзілі, што Наталля Дабрадзеравец там працуе: «Яна кожны дзень на службе, з 8 да 17».
Суразмоўца «Зеркала» ахарактарызаваў былога начмеда як «пісьменнага» медыка, патлумачыўшы, што «на такія пасады не бяруць людзей проста так».
- Яна добры чалавек, сумленны. І спецыялістка талковая. Такія вось абставіны склаліся там, - дадаў суразмоўца, маючы на ўвазе смерць палітвязня.
У ВК у Шклове, паводле інфармацыі «Нашай Нівы», на пасадзе начальніка рэжымнай часткі працягвае працаваць муж Дабрадзеравец Сяргей Карчэўскі.
Нагадаем, у траўні «Альянс даследчыкаў Беларусі» публікаваў запіс тэлефоннай размовы ад 2021 года. На ёй жаночы голас, як сцвярджаў праект, належаў Наталлі Дабрадзеравец, а мужчынскі - палкоўніку міліцыі Аляксандру Казлову. Тады, яшчэ будучы начмедам, жанчына прасіла перавесці яе разам з мужам са Шклова ў іншае месца праз тое, што здарылася з Ашуркам:
- Сітуацыя становіцца настолькі складанай, што нам з Сяргеем, хутчэй за ўсё, давядзецца звольніцца. Фактычна, адбылася сапраўдная недарэчнасць, аднак гэтая сітуацыя можа пагражаць мне поўным п******* (канцом. - Заўвага. Рэд.), калі я застануся. …> У нас акурат ідзе праверка па гэтым палітвязні, і я вельмі спадзяюся, што ўсё ў выніку атрымаецца загладзіць.
Са слоў крыніцы «Зеркала», пасля здарэння ў калонію прыязджалі супрацоўнікі СК, МУС і КДБ, але інфармацыя па праверцы засталася закрытай.
Нагадаем, Вітольд Ашурак - актывіст з Бярозаўкі і сябра Партыі БНФ. Яго затрымалі ў верасні 2020 года, пасля прыгаварылі да пяці гадоў зняволення за ўдзел у акцыях пратэсту. Пакаранне ён адбываў у шклоўскай калоніі. 21 траўня 2021 года Ашурак памёр за кратамі пры нявысветленых абставінах. Крымінальную справу па гэтым факце распачынаць не сталі. Паводле афіцыйнай версіі, ён памёр ад спынення сэрца. Родныя і паплечнікі палітвязня перакананыя ў гвалтоўным характары ягонай смерці.