Казахстан і Грузія дамовіліся вазіць кітайскія тавары ў ЕЗ у абыход Расеі
- 23.06.2023, 21:18
Амбіцыйныя планы прадаўжаюць цярпець фіяска.
Пасля пачатку вайны Кітай рэзка скараціў аб'ёмы транзітных перавозаў праз расейскую тэрыторыю і запускае альтэрнатыўныя маршруты з удзелам краінаў-суседак, піша The Moscow Times.
У пятніцу прэм'ер-міністр Казахстана Аліхан Смаілаў наведаў з афіцыйным візітам Тбілісі, дзе падпісаў пагадненне аб стварэнні супольнага прадпрыемства для развіцця Транскаспійскага міжнароднага транспартнага маршруту (ТМТМ).
ТМТМ бярэ пачатак у Кітаі, праходзіць праз Казахстан, акваторыю Каспійскага мора, Азербайджан і Грузію, адкуль морам тавары дастаўляюцца ў еўрапейскія краіны.
Як паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу казахстанскага ўраду, падчас візіту Смаілава было падпісанае пагадненне аб стварэнні супольнага прадпрыемства паміж АТ «Нацыянальная кампанія "Казахстанскія чыгункі"» і АТ «Грузінская чыгунка». Напярэдадні аналагічны дакумент у Баку быў падпісаны з удзелам ЗАТ «Азербайджанскія чыгункі».
Адзіная лагістычная кампанія дасць магчымасць спрасціць транспартныя працэсы на ТМТМ і зменшыць тэрміны пастаўкі кітайскіх тавараў на еўрапейскі рынак на 10–15 дзён, падкрэслілі ў кабміне Казахстана.
Транзіт з Кітая ў Еўропу праз Расею паводле вынікаў мінулага года ўпаў на 30%, ацэньваў раней гендырэктар «Infoline-аналітыкі» Міхаіл Бурмістраў. Аб'ёмы перавозак, якія ажыццяўляе АТЛК ЕРА (супольнае прадпрыемства РЧ, Беларускай і Казахстанскай чыгунак), пачалі рэзка падаць з першых жа месяцаў вайны.
Калі ў студзені гэта было 57827 TEU (эквівалент 20-футавага кантэйнера), то ў красавіку ўжо толькі 31987 TEU. «Кітай прадоўжыць пастаўкі праз Расею па чыгунцы ў тую ж Беларусь, але зразумела, што Еўропа праз Расею вазіць тавары ў Кітай практычна не будзе ў агляднай перспектыве», – паказвае Бурмістраў.