Дэпутаты ЕЗ і ЗША звярнуліся да прэзідэнта Партугаліі праз «Беларуськалій»
- 23.06.2023, 21:27
Марсэлу Рэбелу дэ Соузэ заклікалі не лабіяваць зняцце санкцый з беларускага прадпрыемства.
Як стала вядома «Люстэрку», дэпутаты Еўрапейскага парламента, а таксама нацыянальных парламентаў краінаў Еўразвязу і ЗША звярнуліся да прэзідэнта Партугаліі Марсэла Рэбела дэ Соўзэ. 59 дэпутатаў падпісалі ліст, у якім папрасілі не дапусціць паслаблення санкцый у дачыненні да калійных угнаенняў з Беларусі. На думку дэпутатаў, ёсць шэраг прычынаў, каб не змякчаць санкцыі.
Дэпутаты, якія падпісалі ліст (з іх большасць – дэпутаты Еўрапарламента і польскага Сейма) адзначаюць, што зняцце санкцый з «Беларуськалія» не толькі можа пагоршыць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, але і дасць фінансы Лукашэнку і Пуціну. Дэпутаты зазначаюць, што Расея часта выкарыстоўвае Беларусь для абыходу санкцый.
– Мы разумеем, што сітуацыя на сусветным і еўрапейскім рынках прадуктаў харчавання няпростая. Аднак, паводле звестак ААН, кошты на рынку ўгнаенняў, у тым ліку тыя, якія ўтрымліваюць калій, не знаходзяцца на піку і зніжаюцца, – гаворыцца ў лісце дэпутатаў, які трапіў у распараджэнне рэдакцыі. – Акрамя таго, няма рызыкі нястачы калійных угнаенняў у ЕЗ і ў іншых краінах, якія падтрымліваюць санкцыі супраць Беларусі. Такім чынам, мяркуем неправамерным той аргумент, што выхад «Беларуськалія» і іншых беларускіх угнаенняў кампаній з сусветнага харчовага рынку наносіць страты эканоміцы. Наадварот, мы думаем, што патэнцыйны прыбытак ад удзелу «Беларуськалія» ў еўрапейскія рынкі зноў будзе служыць варварскім мэтам Лукашэнкі і Пуціна.
Таксама дэпутаты адзначаюць, што «дакументальна пацверджана», што 2000 дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны «былі сілком вывезеныя ў некаторыя з беларускіх дзіцячых летнікаў», у тым ліку ў летнік «Дубрава», што належыць «Беларуськалію». Дэпутаты кажуць, што дзяцей прывозілі сюды тройчы, і заяўляюць, што Лукашэнка «падпісаў афіцыйныя распараджэнні аб гэтым». Адзначаюць таксама і ўдзел кіраўніка «Беларуськалія» Івана Галатага.
– Еўрапейскі парламент і многія нацыянальныя парламенты ўжо некалькі разоў падкрэслівалі ў сваіх рэзалюцыях, што гвалтоўная дэпартацыя дзяцей з Украіны ў Расею і Беларусь адпавядае вызначэнню генацыду і павінна разглядацца міжнароднай супольнасцю як такая. Міжнародны крымінальны суд ужо даказаў гэта, выдаўшы ордар на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай пры прэзідэнту Расеі ў правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай паводле гэтай канкрэтнай справы. Мы верым, што ўрады ЕЗ павінны заставацца адзінымі і распаўсюдзіць гэты падыход на Аляксандра Лукашэнку і іншых палітычных лідараў, якія ўдзельнічаюць у бесчалавечнай працэдуры, што відавочна парушае міжнароднае права.
Дэпутаты мяркуюць, што зняцце санкцый з «Беларуськалія» і іншых беларускіх кампаній з гэтай галіны супярэчыць знешнепалітычнай лініі ЕЗ і «падрывае каштоўнасці, якія мы ўсе падзяляем».