Кітай паабяцаў ужыць захады пасля абстрэлу свайго прадстаўніцтва ў Адэсе
- 20.07.2023, 21:22
Будынак консульства пацярпеў пры нападзе РФ на Адэскі марскі порт.
Прэс-служба Міністэрства замежных справаў Кітая пацвердзіла, што ў выніку ракетнай атакі Расеі ў Адэсе 20 ліпеня было пашкоджанае консульства КНР.
Каментуючы атаку акупантаў, у выніку якой адзін чалавек загінуў і восем пацярпелі, спікер МЗС заявіў, што «побач з Генеральным консульствам Кітая ў Адэсе адбыўся выбух», які разбурыў частку сцяны і шкла.
«Супрацоўнікі консульства ўжо даўно пакінулі памяшканне і ніхто не пацярпеў. Кітай уважліва сочыць за развіццём падзей. Мы ўжывем усе неабходныя захады для арганізацыі бяспекі кітайскіх установаў і грамадзянаў ва Украіне», – дадаў спікер.
Пра тое, што ў выніку расейскага начнога нападу 20 ліпеня пацярпеў будынак генеральнага консульства КНР у Адэсе раніцай, паведаміў кіраўнік адэскай АВА Алег Кіпер.
Будынак консульства Кітая ў Адэсе знаходзіцца ў завулку Нахімава на ўзвышшы над тэрыторыяй Адэскага марскога порта, па якім расейскія акупанты наносяць удары апошнія дні.