Віцебскаму актывісту Барысу Хамайду не вярнулі пашпарт пасля 15 сутак
- 13.08.2023, 20:12
Дакумент прызналі «пашкоджаным» праз налепку з «Пагоняй».
Віцебскі актывіст Барыс Хамайда адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту паводле арт. 24.23 КаАП, але выйшаў на волю без пашпарта, піша «Віцебская вясна». Верхнядзвінскі раённы суд у асобе суддзі Таццяны Куклінай прызнаў наяўнасць у ягоным пашпарце налепкі з «Пагоні» незаконным пікетаваннем.
Нагадаем, Хамайду затрымалі 28 ліпеня на станцыі Бігосава. Ён збіраўся далучыцца да пешай пілігрымкі ў Росіцы Верхнядзвінскага раёна. У цягніку памежнікі заўважылі ў Хамайды вокладку пашпарта з «Пагоняй» і перадалі яго супрацоўнікам міліцыі.
З Бігосава Хамайду даставілі ў Верхнядзвінскі РАУС, дзе яго пратрымалі трое сутак да суда. Аргументы, што выява «Пагоні» з'яўляецца нацыянальнай каштоўнасцю і яна ёсць нават на дзяржаўным гербе Віцебскай вобласці, не падзейнічалі. Барыса Хамайду прызналі вінаватым у тым, што выяву «Пагоні» маглі бачыць іншыя людзі. Такім чынам актывіст нібыта дэманстраваў свае грамадска-палітычныя погляды. Не быў прыняты да ўвагі і той аргумент, што налепка ў пашпарце з'явілася больш за 10 гадоў таму, і дакумент з ёй ніколі не звяртаў увагі памежных службаў.
Пры вызваленні супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі, што пашпарт не аддадуць, бо ён уважаецца за наўмысна пашкоджаны. Дакумент абяцалі пераслаць у пашпартны стол на месцы жыхарства, і цяпер актывіст мусіць заплаціць адну базавую суму за атрыманне новага пашпарта.
Канфіскаваны пры затрыманні тэлефон вярнулі, не знайшоўшы ў ім «экстрэмісцкіх» падпісак і фота.