BE RU EN

Rolls-Royce паказаў адмысловы кабрыялет

  • 26.08.2023, 20:45

Гэта адна з чатырох мадэляў, створаных для канкрэтнага кліента.

Некалькі дзён таму Rolls-Royce паказаў на Monterey Car Week унікальны двухмесны родстар La Rose Noire Droptail, першую з чатырох мадэляў, якія будуюцца для неназванага кліента. Сёння да яго далучылася яшчэ адна эксклюзіўная навінка Amethyst Droptail, піша «Аўтацэнтр».

Калі колер першага аўтамабіля быў натхнёны цёмна-чырвонай ружай гатунку Black Baccara, то для новага кабрыялета абралі спалучэнне двух колераў. Далікатна-фіялетавае адценне кветкі гамфрэна шаравідная (Globe Amaranth) злучылі з цёмна-фіялетавым аметыстам. Асноўны мяккі фіялетавы са срэбным падтонам спалучаецца з больш цёмным. Для большага бляску ў фарбу дададзены сінія, чырвоныя і фіялетавыя шматкі лушчаку. Арыгінальныя 22,0-цалевыя колавыя дыскі пафарбаваныя ў ліловы.

Родстар першы аўтамабіль брэнду з уручную адпаліраванымі кратамі радыятара. Для дасягнення ідэальнага выніку спатрэбілася больш за 50 гадзінаў калектыўнай працы. Пад кратамі надрукаваны на 3D-друкарцы кампазітны паветразаборнік. Ён упрыгожаны 202 адпаліраванымі ўручную рыскамі з нержавейнай сталі, афарбаванымі ў адценне Globe Amaranth.

У задняй частцы кузава звяртае ўвагу вялікая функцыянальная драўляная паверхня. Як сцвярджаюць у Rolls-Royce, гэта «адзіная ў свеце "неапрацаваная" драўляная паверхня, якая стварае прыціскную сілу».

Яшчэ адна «фішка» Amethyst Droptail – электрохромное шкло, якое змяняе адценне і пранікальнасць. У дэактываваным стане яно непразрыстае і фіялетавага адцення. У напаўпразрыстым адценне шкла адпавядае карычневым скураным сядзенням Sand Dunes у салоне. Для дасягнення такога выніку майстрам давялося эксперыментаваць з 60 варыянтамі.

У аздабленні інтэр'еру цёмнае дрэва спалучаецца са скурай фіялетавых і светла-карычневых адценняў. Драўніна не саступае ў трываласці вонкавым дэталям. Каб пераканацца ў гэтым, перад канчатковай зборкай аўтамабіля больш за 150 узораў зазналі ўздзеянне сонца, вільгаці і розных тэмператураў. Як гавораць у кампаніі, тэсты доўжыліся больш за 8000 гадзінаў.

У цэнтры пярэдняй панэлі красуецца гадзіннік швэйцарскай кампаніі Vacheron Constantin. Пры жаданні ўладальнік аўтамабіля можа зняць выраблены ўручную механізм і захоўваць асобна. Дызайн хранометра распрацавалі спецыялісты дзвюх кампаній. Ён спалучае ў сабе колеры аметысту і базавай пласціны з белага золата.

Кошт унікальнага кабрыялета не агучваецца, як і імя замоўцы.

Апошнія навіны