Акула напала на дзяўчыну на папулярным егіпецкім курорце Дахаб
- 13.09.2023, 20:49
Турыстцы ампутавалі руку.
У Егіпце акула пакусала жанчыну, якая купалася ў моры на папулярным дайверскім курорце Дахаб, паведамляе мясцовае выданне El Manshar.
Паводле словаў відавочцаў, акула ў моры пакусала дзяўчыну, якая плавала побач з буйкамі. Пацярпелую атрымалася выцягнуць на сушу. Да таго моманту яна была без прытомнасці – ёй зрабілі першую дапамогу і шпіталізавалі ў лякарню Дахаба.
Паводле звестак выдання, пацярпелай давялося ампутаваць руку.
Інцыдэнт адбыўся на пляжы каля гатэля «Лагуна» – там у асноўным адпачываюць расейскія турысты.
Пасля здарэння на пляжы забаранілі купацца. Некалькі катараў абследуюць прыбярэжную вобласць – спецыялісты займаюцца пошукамі акулы, якая пакусала жанчыну.
У сярэдзіне жніўня пляжы Дахаба ўжо закрывалі праз з'яўленне акулаў.
Нагадаем, у Егіпце 8 чэрвеня акула напала на расейца, пакуль той купаўся ў моры. Трагедыя здарылася ля пляжу Dream Beach у Хургадзе. Відавочцы выклалі ў сеціва відэа, на якім відаць, што мужчына спрабаваў сплысці ад акулы, але драпежнік цягнуў яго пад ваду. Мясцовыя на лодцы спрабавалі дапамагчы турысту, але было позна. Дзяўчына, якая плыла побач, змагла выратавацца.