Дзерыпаска: У 90-я ўсе ведалі, куды мы ідзем, цяпер гэта паход у невядомасць
- 13.09.2023, 21:01
Расейскі мільярдэр адмовіўся разумець, куды Пуцін вядзе краіну.
Расея перажывае перыяд сур'ёзных пераменаў, параўнальны з тым, што адбывалася ў 1990-я гады, але, у адрозненне ад падзей 30-гадовай даўніны, адсутнічае разуменне таго, куды рухаецца краіна. Пра гэта ў інтэрв'ю РБК у сераду заявіў расейскі мільярдэр Алег Дзерыпаска.
«У 1990-я гады ўсе ведалі, куды мы ідзем. Цяпер гэта паход у невядомасць. Мы чуем пра тое, як павінна быць, але як гэта будзе, ніхто не ведае», – сказаў Дзерыпаска.
Ён нагадаў, што пасля развалу СССР ва ўсіх была «нейкая ролевая мадэль». «Мы хочам быць, як у Швэцыі, – парадак, чысціня, законы; хочам быць, як у Нямеччыне, – эфектыўнасць, надзейнасць», – прывёў прыклады Дзерыпаска.
Цяпер жа, паводле ягоных словаў, вобраз будучыні «крыху размыты», і гэта з'яўляецца «чыннікам, які збівае людзей».
Раўняцца на азіяцкія краіны сэнсу не мае, мяркуе Дзерыпаска: «Мы ж разумеем, што Расея – гэта не Кітай, не Індыя, не Інданезія». Але і ясных альтэрнатываў не праглядаецца.
На думку Дзерыпаскі, які ў 2018 годзе трапіў пад санкцыі ЗША як адзін з блізкіх да Уладзіміра Пуціна бізнэсмэнаў, эканамічная мадэль дзяржкапіталізму, якую Пуцін будаваў з 2008 года, стала «глыбока памылковым выбарам». А пасля пачатку вайны «робяцца спробы» дэпрыватызацыі, прызнаў бізнэсмэн. З пачатку 2022 года Генпракуратура праз суд канфіскавала ва ўласнікаў больш за 10 буйных прадпрыемстваў, у тым ліку на той падставе, што яны незаконна перайшлі ў прыватныя рукі.
На думку Дзерыпаскі, гаварыць пра тэндэнцыі да масавага перагляду вынікаў прыватызацыі яшчэ рана. «Улада развязвае яшчэ задачы, звязаныя з крызісам. Яна знаходзіцца крыху ў іншай парадыгме. Трэба проста даць ім час. Цяпер у іх сітуацыя лепшая, адпаведна, у іх часу больш», – растлумачыў бізнэсмэн.
Пры гэтым Дзерыпаска, паводле ягоных словаў, прадаўжае «спадзявацца і верыць», што ўлада наладзіць дыялог з бізнэсам і грамадствам.
«Будзе найглыбейшая памылка адмовіцца ад дасягненняў, якія так цяжка даваліся: рыначная эканоміка, інстытут прававы, канкурэнтнасць, прыватная ўласнасць, яны і дазволілі так хутка прайсці ад падзення да росту», – сказаў Дзерыпаска.