BE RU EN

Брытанскія самалёты абараняюць украінскія караблі ад нападу РФ у Чорным моры

  • 8.09.2023, 20:58

Брытанцаў турбуе, што расейцы могуць атакаваць цывільныя караблі.

Самалёты Каралеўскіх ВПС абараняюць грузавыя караблі, якія перавозяць збожжа з Украіны, ад нападаў Расеі. Пра гэта заявілі на Даўнінг-стрыт, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на The Telegraph.

Адзначаецца, што ў апошнія тыдні брытанская авіяцыя патрулюе Чорнае мора, каб утрымаць Расею ад нанясення ўдараў па цывільных караблях.

Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі актывізавала сваю дзейнасць у гэтым рэгіёне пасля таго, як у ліпені РФ пачала атакаваць зерневую інфраструктуру Украіны.

Гэта адбылося пасля выхаду Крамля са «збожжавай угоды», якая дазваляла Украіне экспартаваць збожжа са сваіх чарнаморскіх партоў.

Што канкрэтна заявілі на Даўнінг-стрыт

– Мы будзем выкарыстоўваць нашу выведку, назіранне і рэкагнасцыроўку для назірання за дзейнасцю Расеі ў Чорным моры, – гаворыцца ў заяве.

Паводле іхніх словаў, у рамках гэтых аперацый назірання самалёты ВПС Вялікай Брытаніі ажыццяўляюць палёты над гэтым раёнам, каб утрымаць Расею ад нанясення незаконных удараў па цывільных караблях пры перавозцы збожжа.

Пра гэта стала вядома пасля таго, як урад абвясціў, што ў лістападзе Вялікая Брытанія правядзе міжнародны саміт пра харчовую бяспеку, каб вызначыць прычыны адсутнасці харчовай бяспекі і недаядання.

Чакаецца, што гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на саміце G20 у Дэлі, на якім у гэтыя выходныя возьме ўдзел прэм'ер-міністр Брытаніі Рышы Сунак.

– Каторы раз ва Уладзіміра Пуціна не атрымліваецца паказаць свой твар на G20. Ён з'яўляецца архітэктарам свайго ўласнага дыпламатычнага выгнання, ізалюючы сябе ў сваім прэзідэнцкім палацы і блакуючы крытыку і рэальнасць, – сказаў кіраўнік брытанскага ўраду.

Збожжавая ўгода

У ліпені Расея заявіла, што выходзіць са збожжавай угоды, якая дазваляла бяспечна вывозіць харчаванне з партоў Вялікай Адэсы цягам года. У жніўні Украіна абвясціла пра адкрыццё ў Чорным моры часовых калідораў для гандлёвых караблёў.

Апошнія навіны