BE RU EN

У Гомелі зачысцілі праўладных блогераў

  • 14.01.2024, 21:27

Ябацек-правакатараў прымусілі выдаліць усе відэа.

Стрымер Максім Філіповіч і правакатар Яўген Катляроў былі вымушаныя выдаліць усе свае відэа з крытыкай улады. Пра гэта апавядае выданне «Флагшток».

Гомелец Максім Філіповіч вядомы як герой пратэстаў супраць увядзення падатку на «дармаедства» 2017 года. У 2020 годзе ён не падтрымаў пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў Лукашэнкі і крытыкаваў апазіцыю. Фрагмэнты ягонага відэа выкарыстоўвалі прапагандысты. У 2022 годзе ён падтрымаў уварванне Расеі ва Украіну.

Блогеру не дапамаглі шматлікія кароткія відэа з выказваннямі Лукашэнкі, змешчаныя на асноўным канале. Філіповіч быў затрыманы міліцыяй 26 снежня. Паводле артыкулу 19.11 КоАП за распаўсюджванне «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі ён патрапіў у ізалятар на 15 дзён.

Пасля выхаду з ізалятара Філіповіч быў вымушаны выдаліць (або схаваць) сотні сваіх відэа. Таксама знікла і старонка Філіповіча ў інстаграме. На яго старонках сталі недаступныя запісы «дармаедскіх пратэстаў», сотні ягоных хатніх і надворных стрымаў.

Пад абух патрапіў і гомельскі правакатар Яўген Катляроў, вядомы тым, што ўкараніўся ў асяродак пратэставых блогераў падчас «антыдармаедскіх» пратэстаў і правакаваў розныя канфлікты. Пазней публічна ўзяў старану рэжыму Лукашэнкі і ўдзельнічаў у правакацыях. Апошнія тры гады рассылаў хлуслівую інфармацыю незалежным мэдыям, крытыкаваў прапагандыстаў і мясцовыя ўлады, папракаючы іх у неэфектыўнасці.

У канцы лістапада пасля паходу Катлярова ў Гомельскі абласны выканкам і запісу размовы з намеснікам старшыні Андрэем Бараноўскім блогер некалькі дзён не абнаўляў сваю старонку ў фэйсбуку, а пазней выдаліў усе свае публікацыі да лістапада 2020 года.

Таксама яму давялося выдаліць і некалькі дзясяткаў сваіх відэа на сваім YouTube-канале. Ролікі былі звязаныя з крытыкай мясцовых улад.

Апошнія навіны