Пасля ўдару дронаў палае стратэгічны порт РФ ва Усць-Лузе
- 21.01.2024, 8:39
Беспілотнікі магутна атакавалі Ленінградскую вобласць.
У ноч на нядзелю, 21 студзеня, у Ленінградскай вобласці РФ паскардзіліся на новы напад БПЛА.
Мясцовыя жыхары чулі гукі дронаў, пасля чаго прагучалі выбухі ў раёне тэрмінала марскога гандлёвага порта ў пасёлку Усць-Лузе, які размешчаны на беразе Фінскай затокі Балтыйскага мора, паведамляюць украінскія СМІ.
Там успыхнуў пажар. Расейскія СМІ паведамлялі, што гарыць альбо нафтавы, альбо вугальны тэрмінал порта.
«У порце стаім. Е**нула і пажар. Баржу прыцягнулі з Піцера. Цяпер усіх выганяюць у мора», – напісалі расейцы ў сеціве.
Пазней губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка паведаміў, што пажар адбыўся ў тэрмінале кампаніі «Новатэк». Пацярпелых, паводле яго слоў, не, была праведзена эвакуацыя персаналу.
«У Кінгісепскім раёне Ленінградскай вобласці ўведзены рэжым падвышанай гатоўнасці праз пажар у тэрмінале «Новатэка», – дадаў ён.
Са слоў відавочцаў, падчас удараў БПЛА па тэрмінале, там ішла пагрузка нейкага грузу на караблі пад сцягам Панамы.
Пазней расейскія СМІ паведамілі, што ў момант удару пагрузка ішла на восем суднаў, якія ходзяць пад сцягамі Панамы, Мальты, Ліберыі, Габона, Грэцыі, Маршалавых выспаў, Кайманавых выспаў і Ганконга.
Порт ва Усць-Лузе з'яўляецца стратэгічна важным для РФ. Праз яго ідуць пастаўкі расейскай нафты на сусветныя рынкі пры дапамозе вялізнай колькасці танкераў, якія ходзяць па Балтыцы, забяспечваючы як легальны, так і шэры экспарт расейскай нафты.
Гэты порт з'яўляецца базай забеспячэння Калінінградскай вобласці, не толькі мірнай прадукцыяй, але і галоўнай базы Балтфлоту ў Балтыйску.
Нагадаем, што ў ноч на 18 студзеня ўкраінскія беспілотнікі атакавалі нафтабазу ворага ў Ленінградскай вобласці Расеі.