У Віцебску жыхары сталі ў двухгадзінныя чэргі на марозе
- 21.01.2024, 18:52
Па пончыкі.
У Віцебску адкрылася новая пончыкавая, якая выклікала ажыятаж у мясцовых жыхароў. Каб набыць дэсерт, некаторым давялося стаяць у чарзе па 2-2,5 гадзіны, паведамілі відавочцы.
Пончыкавая PON-PUSHKA адкрылася ў Віцебску 20 студзеня на адрас вул. Леніна, 28. Пакупнікоў сустракаў заяц у бліскучым гарнітуры, з якім маглі сфатаграфавацца ўсе ахвотныя.
Як паведамілі відавочцы, каб зрабіць замову, давялося чакаць 1 гадзіну. І яшчэ блізу гадзіны ці двух, каб атрымаць пончыкі.
Магчыма, шматлікіх жыхароў прыцягнула акцыя - цэлы дзень 20 студзеня па промакоду «ПУШКА ВІЦЕБСК» у пончыкавай прапанавалі набыць Бігбокс са зніжкай 40%. А менавіта 24 розныя пончыкі за 16,14 рублёў замест 25,9.
У нейкі момант у сацсетках установы паведамілі, што зрабілі «максімальную колькасць» боксаў і больш «не змогуць фізічна». Таму прадоўжылі акцыю на 21 студзеня.
PON-PUSHKA — сетка пончыкавых, першую ўстанову якой адкрылі ў сакавіку 2018 года ў Стоўбцах. Пазней пункты пачалі адкрываць па ўсёй Беларусі. Кампанія называе сваімі «фішкамі» «даступны кошт пончыкаў», а таксама «вытворчасць проста на месцах».