Сіноптыкі спрагназавалі ў Беларусі незвычайны тыдзень
- 21.01.2024, 15:18
Дзе будзе цяплей за ўсё з 22 да 28 студзеня?
На змену маразам у Беларусь на тыдні з 22 да 28 студзеня павінна прыйсці цёплае і вільготнае паветра. Праз гэта жыхароў, імаверна, чакаюць непрыемныя варункі надвор'я — мокрыя ападкі, туманы, галалёд і не толькі. Якія тэмпературы спрагназавалі сіноптыкі?
Як паведамілі ў тэлеграм-канале аб надвор'і ў Беларусі @nadvorie, бліжэй да ночы 22 студзеня на ўсходзе краіны будзе «-12..-15°, месцамі да -18°; на захадзе значна цяплей -4..-7°».
Са слоў аўтара ТГ-канала, антыцыклон «паступова перамяшчаецца на ўсход і ў наш рэгіён пачне паступаць цёплае паветра з Атлантыкі».
«Баюся, што ўвесь наступны тыдзень будзе маркотны і хлюпотны з тэмпературным фонам -1..+1°. Проста з вечара панядзелка і пачнём», - адзначылі ў @nadvorie.
Прагноз надвор'я на тыдзень з 22 да 28 студзеня
У сваю чаргу спецыялісты Белгідрамета спрагназавалі, што ў панядзелак 22 студзеня на надвор'е ў Беларусі паўплываюць франтальныя раздзелы, якія перамяшчаюцца з Польшчы.
Так, жыхароў паўночнага захаду Беларусі чакаюць снег, мокры снег, дождж, а таксама слабыя мяцеліца і галалёд. Па краіне таксама паабяцалі месцамі моцны парывісты вецер.
Што да тэмпературы, то ўначы метэаролагі чакаюць ад -3°С на паўночным захадзе да -15°С на паўднёвым усходзе. Удзень -3..+3°С, на ўсходзе крыху халадней - да -5°С.
А вось уначы ў аўторак, 23 студзеня, Беларусь, са слоў экспертаў, апынецца «ў няўстойлівай паветранай масе атлантычнага паходжання». Па краіне пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы тэмпература складзе +2°С на захадзе да -6°С на паўднёвым усходзе. Удзень -2..+4°С.
Далей прагноз на тыдзень даў вядомы беларускі сіноптык Дзмітрый Рабаў. Ён паведаміў, што ўначы ў сераду 24 студзеня будзе -2 да +2℃, удзень да +3℃.
Паводле папярэдніх звестак, з чацвярга 25 студзеня надвор'е «працягне вызначаць цыклон з цэнтрам над цэнтральнымі рэгіёнамі Расеі». Таму на большай частцы Беларусі (а ў пятніцу 26 студзеня - на ўсходзе) павінны прайсці снег і мокры снег. Рабаў адзначыў, што ўначы ў чацвер будзе блізу 0℃, а ў пятніцу ад -2 да -7℃. Удзень у чацвер ад 0 да +3℃, у пятніцу ад +1 -3℃.
Аднак, паводле яго слоў, у выхадныя 27-28 студзеня зноў пахаладае з-за «вобласці высокага атмасфернага ціску і халоднага, вільготнага паветра з поўначы». Уначы можа быць -4℃ па захадзе да -11℃ па паўночным усходзе. Днём ад +3℃ да -8℃.