Ангола выганяе Расею з найбуйнейшага алмазнага бізнэсу ў свеце
- 27.01.2024, 23:25
Стала вядомая прычына.
Ангола змушае расійскую транснацыянальную кампанію «Алроса» выйсці з супольнага бізнэсу «Sociedade de Catoca», якому належыць чацвёртая найбуйнейшая алмазная шахта свету.
Гэта звязана з санкцыямі, уведзенымі супраць Расеі ў сувязі з уварваннем ва Украіну. Яны шкодзяць гандлю ангольскімі дыяментамі, паведамляе ангольскае выданне EXPANSÃO.
Як адзначаецца, на мінулым тыдні прадстаўнікі ангольскай улады сустракаліся з расейскімі калегамі ў Дубаі (ААЭ), для таго, каб развязаць пытанне выхаду расейскага акцыянера «Алроса» з «Sociedade Mineira de Catoca».
Сітуацыя негатыўна адбіваецца на Catoca, чацвёртай па велічыні алмазнай шахце ў свеце.
Здабыча дыяментаў на рудніку скарацілася, і шматлікія пастаўшчыкі і банкі адмаўляюцца працаваць з Catoca праз сувязі з расейцамі.
Расейскай кампаніі належыць 41% кампаніі.
Ангольскі бок патрабуе, каб расейцы сышлі з бізнэсу без умоў, затое расейцы жадаюць кампенсацый за інвестыцыі.
Адзін з магчымых шляхоў развязання праблемы - гэта тое, што «Алроса» цяпер сыдзе, але з гарантыяй, што яна зможа вярнуцца ў будучыні, калі санкцыі будуць знятыя.
Аднак, улічваючы нядаўняе збліжэнне Анголы з ЗША, расейцы з падазрэннем ставяцца да такога выніку.
Іншы варыянт - гэта тое, што расейцы прададуць сваю долю акцый ангольскай кампаніі. Аднак пакуль незразумела, ці будуць яны гатовыя гэта зрабіць. На гэты момант сітуацыя застаецца нявызначанай.
Выхад расейцаў з супольнага прадпрыемства па здабычы дыяментаў неабходны для таго, каб зняць санкцыі з шахты, але гэта можа быць складанай задачай.