У Малдове заявілі, што дзясяткі расейцаў спрабавалі падманам атрымаць грамадзянства гэтай краіны.
- 27.01.2024, 21:20
Сярод іх мільянеры.
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну сама меней 30 расейцаў, сярод якіх і мільянеры, хацелі незаконна атрымаць грамадзянства Малдовы.
Пра гэта паведаміў старшыня Агенцтва дзяржаўных паслуг Малдовы (АГУ) Мірча Ешану ў эфіры Jurnal TV.
Як зазначыў Ешану, прэтэндэнты на атрыманне грамадзянства знаходзяць чалавека, які нарадзіўся да пачатку Другой сусветнай вайны, прыкладна паміж 1935 і 1937 гадамі, і памёр ва ўзросце два-тры гады. Пасля гэтага расейцы пачынаюць сцвярджаць, што з'яўляюцца сваякамі такіх людзей.
«У справе няма пасведчання аб смерці чалавека, які нарадзіўся да Другой сусветнай вайны, а ёсць толькі пасведчанне аб нараджэнні», – адзначыў Ешану.
Кіраўнік АМУ Малдовы дадаў, што некаторыя расейцы прыязджаюць адразу з падробленымі дакументамі. Аднак агенцтва накіроўвае запыты з копіямі гэтых дакументаў у краіны, у якіх яны нібыта натарыяльна завераны.
Ешану таксама расказаў, што яму вядома аб двух магнатах-мультымільянерах з Расеі і Узбекістана, якія хацелі атрымаць грамадзянства Малдовы падманам. З ягоных слоў, пасля расследавання гэтыя справы будуць абнародаваны.
«Я не магу зараз назваць імёны, таму што праводзяцца спецыяльныя мерапрыемствы… Мы дакладна ведаем, што гэта махлярства, мы ўжо адмовілі ім у грамадзянстве, але хочам пераканацца, што людзі, якія спрыялі або былі саўдзельнікамі гэтых злачынстваў, апынуцца на лаве падсудных», – дадаў Ешану.