Зяленскі назваў адну з галоўных задачаў года для Украіны ў вайне з РФ
- 29.01.2024, 21:49
Прэзідэнт Украіны правёў селектар.
Украіна павінна апярэдзіць Расею ў сферы працы з дронамі. Гэта – адна з галоўных задачаў на 2024 год.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на вечаровы зварот прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што сёння, 29 студзеня, правёў селектар. Падчас яго былі даклады з усіх кірункаў дзяржаўнай працы.
«Вайскоўцы – пра сітуацыю на фронце, пра кожны кірунак інтэнсіўных баёў. Выведка – актуальныя пытанні, асобная ўвага, вядома, таму, што робіць вораг, як цісне на сваіх сатэлітаў. Я ўдзячны ўсім нашым спецыялістам, якія атрымліваюць для Украіны актуальную спецыяльную інфармацыю», – удакладніў прэзідэнт Украіны.
Таксама ён дадаў, што асобная размова была прысвечаная дронам: пытанні вытворчасці, паставак, забеспячэння падраздзяленняў.
«Зразумела, што гэта адна з галоўных задачаў года – апярэджваць ворага ў якасці працы з дронамі. Чым больш паспяховыя ўкраінскія дроны, ад FPV да стратэгічных, тым больш жыццяў нашых ваяроў мы захаваем», – падкрэсліў Зяленскі.