Валютныя рэзервы Украіны выраслі на 42%
- 5.01.2024, 21:14
Дзякуючы Захаду.
Валютныя рэзервы Украіны ў 2023 годзе адчувальна – на 42 адсоткі – выраслі дзякуючы фінансавай дапамозе Захаду: на стан 1 студзеня яны склалі 40,5 млрд даляраў (у пераліку – 37 млрд еўраў), паведаміў у пятніцу, 5 студзеня, Нацыянальны банк Украіны (НБУ). «Летась Украіна атрымала беспрэцэдэнтную глабальную фінансавую дапамогу», – гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на афіцыйным сайце НБУ.
Найбуйнейшым фінансавым донарам Кіева летась выступіў Еўрапейскі Звяз: на ягоную дзель, паводле звестак Нацбанка Украіны, прыйшлося прыкладна 18 млрд еўраў. ЗША, Японія, Вялікая Брытанія і шэраг іншых краінаў сумарна пералічылі праз фонд Сусветнага банка блізу 15 млрд еўраў. Яшчэ блізу 4 млрд еўраў былі атрыманыя Кіевам ад Міжнароднага валютнага фонду, паведамляе DW.
Паводле звестак украінскіх уладаў, на якія спасылаецца агенцтва Reuters, з канца лютага 2022 года Украіна атрымала больш за 73,5 млрд даляраў (67,5 млрд еўраў) фінансавай дапамогі. Большую частку прыбыткаў уласнага бюджэту, напрыклад ад падаткаў, краіна выдаткоўвае на фінансаванне войска і абароны ад расейскай ваеннай агрэсіі. Грошы ад Захаду неабходныя ўкраінскаму ўраду перш за ўсё для выплатаў пенсій, заробкаў і сацыяльных выдаткаў.
Новыя праграмы фінансавання пакуль прыпыненыя
У снежні фінансавая дапамога Украіне агульным памерам 50 млрд еўраў не была ўключаная ў бюджэт Еўразвязу, паколькі Вугоршчына не дала на гэта згоды. У студзені ў Брусэлі павінен адбыцца спецыяльны саміт ЕЗ, удзельнікі якога зноў абмяркуюць пытанне фінансавання Украіны. Еўрапейскі Звяз рыхтуе таксама «план Б», каб вылучыць Кіеву 20 млрд еўраў макрафінансавай дапамогі да 2027 года ў абыход вета Вугоршчыны, калі з ёй не атрымаецца дамовіцца, паведамляла ў канцы снежня газета Financial Times са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.
Акрамя таго, запыт на экстранную дапамогу Украіне заблакаваны ў Кангрэсе ЗША, паколькі рэспубліканцы, апроч іншага, звязваюць з гэтай пастановай значнае ўзмацненне жорсткасці ўнутранага іміграцыйнага заканадаўства. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн яшчэ ў кастрычніку накіраваў кангрэсмэнам запыт на экстраннае фінансаванне памерам 106 млрд даляраў для Украіны, Ізраіля і аперацый у Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, з іх 61 млрд (56 млрд еўраў) прызначаліся Кіеву. Заканадаўцы пакуль не дамовіліся пра вылучэнне гэтых сродкаў. Кангрэс ЗША плануе вярнуцца да разгляду пытання ў студзені.