BE RU EN

Ізраіль прапанаваў план кіравання сектарам Газа пасля вайны

  • 5.01.2024, 21:51

Кіраваць сектарам Газа будуць самі палестынцы.

Міністр абароны Ізраіля Ёаў Галант напярэдадні візіту дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена прапанаваў план кіравання сектарам Газа пасля заканчэння вайны, якую Ізраіль вядзе супраць палестынскай тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС, паведамляе ў пятніцу, 5 студзеня, агенцтва AFP.

Паводле словаў Галанта, адказнасць за кіраванне сектарам павінны несці самі палестынцы, а ўдзел групоўкі ХАМАС, якую плануецца знішчыць, выключаны. Пры гэтым Сілы абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) пакідаюць за сабой «свабоду дзеянняў» у сектары Газа нават пасля вайны супраць ХАМАС, каб спыніць любую магчымую пагрозу ў зародку, сказаў Галант.

Ваенная аперацыя ў сектары Газа прадоўжыцца да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя закладнікі і не адбудзецца «дэмантаж ваеннага патэнцыялу і сістэмы кіраўніцтва ХАМАС», а таксама ліквідаваныя ваенныя пагрозы. На наступным этапе «ХАМАС не будзе кантраляваць сектар Газа», падкрэсліў Ёаў Галант. Акрамя таго, ён адхіліў магчымасць вяртання ізраільскіх селішчаў на тэрыторыі сектара. Паводле словаў міністра, пасля заканчэння ваенных дзеянняў «цывільнай ізраільскай прысутнасці» ў сектары Газа не будзе.

Дзяржсакратар ЗША здзяйсняе турнэ на Блізкі Усход

Кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША Энтані Блінкен наведае краіны Блізкага Усходу ўжо чацвёрты раз з пачатку вайны ў сектары Газа. У планах ягонага турнэ значацца Ізраіль, Заходні бераг ракі Іярдан, Іярданія, Катар, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Саудаўская Аравія і Егіпет. Акрамя таго Блінкен зробіць візіты ў Турцыю і Грэцыю.

Блінкен мае намер абмеркаваць, як менавіта краіны рэгіёну маглі б паўплываць на тое, каб прадухіліць эскалацыю канфлікту і яго распаўсюджванне за межы сектара Газа.

Апошнія навіны