ЕЗ просіць ІТ-гігантаў прасоўваць навіны незалежных беларускіх СМІ
- 8.01.2024, 21:08
Еўракамісія прыняла такую пастанову пасля звароту беларускіх журналістаў-дысідэнтаў.
Еўрапейская камісія заклікала Google і іншыя буйныя тэхналагічныя кампаніі дапамагчы апазіцыйным беларускім СМІ, прасоўваючы іх матэрыялы больш актыўна за праўладныя, таму што апошнім пошукавыя алгарытмы аддаюць перавагу.
Пра гэта ў інтэрв'ю Financial Times сказала віцэ-прэзідэнтка Еўракамісіі ў пытаннях каштоўнасцяў Вера Юрава.
Еўракамісія прыняла такую пастанову пасля звароту беларускіх журналістаў-дысідэнтаў, якія сцвярджалі, што крытычны да дзейнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі кантэнт праз прадухіленне тэхналагічных платформаў не дасягае мэтавай аўдыторыі.
Таксама беларускія журналісты адзначылі, што Google News не даступны на беларускай мове, а значыць, абмяжоўвае вынікі пошуку ў інтэрнэце для жыхароў краіны.
«Барацьба з дэзынфармацыяй і прасоўванне свабоды СМІ – гэта два бакі аднаго медаля, і мы хочам, каб вялікія тэхналогіі рабілі і тое, і другое. Гэта азначае забеспячэнне бачнасці дакладнай інфармацыі ў інтэрнэце, а не прапаганды Менска ці Крамля», – сказала Юрава.
Інфармаваныя крыніцы FT удакладнілі, што віцэ-кіраўнік Еўракамісіі выказаў сваю занепакоенасць сітуацыяй з беларускімі апазіцыйнымі СМІ ў снежні ў размове з прэзідэнтам Google у глабальных пытаннях Кентам Уокерам.
У траўні 2023 года Юрава абмяркоўвала падобныя пытанні з выканальным дырэктарам Google Сундарам Пічаі, але тады аддавала больш увагі Расеі і такім праблемам, як няздольнасць расейскіх незалежных СМІ манетызаваць кантэнт, размешчаны на YouTube.
У адказ на запыт FT Google заявіў, што «мы прыкладаем усе намаганні, каб ствараць нашы прадукты і ўкараняць нашу палітыку такім чынам, каб не браць да ўвагі палітычныя перавагі».
Пасля нелегітымных выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года ўлады ў Беларусі распачалі маштабныя рэпрэсіі супраць журналістаў і актывістаў. Толькі паводле прыблізных падлікаў былі арыштаваныя больш за 35 тысячаў чалавек, а дзясяткі няўрадавых арганізацый і незалежных СМІ былі зачыненыя. Усяго за кратамі ў Беларусі цяпер знаходзяцца больш за 30 журналістаў.