BE RU EN

Рэзідэнцыя экс-прэм'ера Японіі згарэла праз палачку з пахошчамі

  • 8.01.2024, 21:37

Цалкам выгараў двухпавярховы будынак.

Рэзідэнцыя былога прэм'ер-міністра Японіі Какуэя Танакі ў цэнтры Токіа згарэла, як мяркуецца, праз палачку з пахошчамі, паведамляе тэлеканалNHK.

Пажар у рэзідэнцыі, размешчанай у такійскім раёне Бункё, пачаўся днём 8 студзеня. Агонь патушылі больш як праз шэсць гадзінаў, а 22-й паводле мясцовага часу (16:00 паводле Менска), піша канал.

У рэзідэнцыі цалкам выгараў двухпавярховы будынак, іншы, аднапавярховы, выгараў часткова. Папярэдняе расследаванне паказала, што агонь распаўсюджваўся з будынка, які цалкам згарэў. Яго тушылі больш за 20 адзінак тэхнікі. Агульная плошча пажару склала 800 кв. м.

У момант пачатку пажару ў будынку знаходзілася дачка экс-прэм'ера Японіі, былая кіраўніца МЗС краіны (2001–2002) Макіка Танака. Жанчына расказала, што ў доме былі запаленыя пахошчы. Да расследавання прычынаў загарання падключылася паліцыя.

Акрамя Макіка Танакі ў будынку, калі пачалося загаранне, знаходзіўся яе муж, былы міністр абароны Японіі Наокі Танака (студзень – чэрвень 2012 года). Паводле звестак паліцыі, муж і жонка не пацярпелі.

Какуэй Танака быў прэм'ер-міністрам Японіі ў 1972–1974 гадах. Ён памёр у снежні 1993 года ва ўзросце 75 гадоў. Рэзідэнцыя, якую займаў палітык, таксама вядомая, як «Палац Медзіра». Паблізу размешчаныя аднайменная станцыя метро і парк.

Апошнія навіны