У Тбілісі прайшла шматтысячная акцыя "Грузія выбірае Еўразвяз"
- 20.10.2024, 20:12
Акцыю падтрымала прэзідэнтеа краіны Саламе Зурабішвілі.
У нядзелю, 20 кастрычніка, за шэсць дзён да парламенцкіх выбараў у Тбілісі прайшла маштабная акцыя "Грузія выбірае Еўразвяз". Пра гэта паведаміла “Рэха Каўказа”.
Прыхільнікі еўраінтэграцыі сабраліся на пяці лакацыях і адправіліся маршам да плошчы Свабоды, дзе прайшоў вялікі мітынг. Акцыю арганізавалі няўрадавыя арганізацыі, яе падтрымалі прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі і галоўныя апазіцыйныя партыі.
Праект Sova піша, што людзі прыходзілі на акцыю са сцягамі Еўразвязу, Грузіі і Украіны. На плакатах былі допісы пра тое, што абедзве краіны, якія імкнуцца ўступіць у ЕЗ, маюць агульны шлях, які павінны прайсці.
Напярэдадні Зурабішвілі заявіла, што сама возьме ўдзел у маршы і папрасіла грамадзян выказаць сваю волю выхадам на вуліцы. Яна выказала ўпэўненасць, што марш стане важным крокам у пераадоленні аднапартыйнасці, палярызацыі і нянавісці ў грамадстве.
Зурабішвілі адзначыла, што 26 кастрычніка грамадзяне будуць выбіраць паміж Расеяй і Еўропай. На гэтым тыдні на брыфінгу яна сказала, што для падаўжэння еўраінтэграцыі на выбарах неабходна падтрымаць адну з чатырох праеўрапейскіх партый ці аб'яднанняў: "Адзінства - Нацыянальны рух", "Кааліцыя за перамены", аб'яднанне "Моцная Грузія" і "Гахарыя за Грузію".
Гэтыя палітычныя сілы падпісалі "Грузінскую хартыю", ініцыяваную прэзідэнтам, якая прадугледжвае стварэнне часовага ўрада пасля парламенцкіх выбараў, правядзенне комплексных рэформаў, скасаванне закона аб "замежных агентах", а таксама правядзенне датэрміновых парламенцкіх выбараў.