У Беларусі хочуць ліквідаваць грузінскае аб'яднанне «Мамулі»
- 1.02.2024, 21:47
Аб'яднанне было зарэгістраванае ў 2006 годзе.
16 лютага Менскі гарадскі суд разгледзіць пазоў Менгарвыканкама аб ліквідацыі грузінскага культурна-асветніцкага таварыства «Мамулі» («Айчына»).
Як мяркуе сайт «Позірк», рэжым Лукашэнкі можа пераследаваць арганізацыю з палітычных матываў. У 2020 годзе на сайце аб'яднання публікаваліся матэрыялы пра пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і акцыі салідарнасці з беларускім народам, якія праходзілі ў Грузіі. Пазней гэтыя матэрыялы былі выдаленыя з сайта.
Аб'яднанне «Мамулі» было зарэгістраванае ў 2006 годзе, працуе ў Менску і Менскай вобласці.
«Зачышчаючы» грамадскую супольнасць, рэжым Лукашэнкі ўжо ліквідаваў нацыянальныя арганізацыі армянаў, літоўцаў, сірыйцаў ды іншых нацыянальных меншасцяў.