BE RU EN

Прэм'ер-міністарка Літвы: Стаўленне да беларусаў не змянілася, але мы хочам знізіць нагрузку на нашу мяжу

  • 16.02.2024, 21:28

Інгрыда Шыманітэ выказалася пра планы зачыніць яшчэ два пункты пропуску.

Прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманітэ патлумачыла, чаму краіна хоча зачыніць яшчэ два пункты пропуску з Беларуссю. Паводле ейных словаў, справа зусім не ў тым, што неяк пагоршылася стаўленне да беларусаў. Такую заяву яна зрабіла ў інтэрв’ю «Радыё Свабода».

Яна заявіла, што не думае, што стаўленне да беларусаў у Літве моцна змянілася з 2020 года.

«Я сказала б, што гэта частка больш шырокай карціны, таму што вы памятаеце, што калі ў 2020 годзе ў Беларусі прайшлі фальсіфікаваныя выбары, мы прымалі людзей, якія ўцякалі ад рэжыму і зверстваў Лукашэнкі. Мы былі вельмі адкрытыя. У нас прынялі Святлану Ціханоўскую і нямала прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і журналістаў, а таксама тых, супраць каго КДБ пачаў крымінальныя справы», – сказала Шыманітэ.

Яна дадала, што праблема цяпер у тым, што ў астатнім камунікацыя паміж Беларуссю і Літвой даволі інтэнсіўная, паколькі людзі прыязджаюць для працы, па набыткі, з сямейных абставінаў.

Да таго ж Літва павінна забяспечваць выкананне санкцый Еўразвязу, што чыніць дадатковы ціск, паколькі ўвесь гандаль з ЕЗ праходзіць праз межы Літвы транзітам у Беларусь. На беларуска-літоўскай мяжы дзейнічаюць чатыры пункты пропуску, у той час як суседнія краіны (Польшча і Латвія) пакінулі толькі адзін кожная. У сувязі з гэтым літоўскія службы адчуваюць дадатковую нагрузку для праверкі і кантролю. Таму, паводле слоў Шыманітэ, і было прапанавана закрыць два пункты.

Нагадаем, з 18 жніўня летась Літва зачыніла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Шумскас» (з беларускага боку «Лоша») і «Цверачук» («Відзы»). Гэта было зроблена ў адказ на магчымыя пагрозы з боку размешчаных у нашай краіне наймітаў расейскай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера.

У лютым 2024 года ў Літве прапанавалі закрыць яшчэ два памежныя пункты на мяжы з Беларуссю – «Лаварышкес» (сумежны – «Катлоўка») і «Райгардас» («Прывалка»). Такую прапанову вылучылі ў камісіі нацыянальнай бяспекі Літвы. Таксама там прапанавалі абмежаваць пасадку і высадку пасажыраў у чыгуначным пункце пропуску «Кена» і зменшыць колькасць дазволаў для беларускіх і літоўскіх кіроўцаў на рэгулярныя аўтобусныя перавозкі.

Апошнія навіны