BE RU EN

З Расеі выправадзілі гішпанскага журналіста і аўтара кнігі «Пуціністан»

  • 21.03.2024, 19:09

Ён асвятляў акцыі жонак мабілізаваных.

Улады Расеі не падоўжылі візу рэпарцёру гішпанскай газеты El Mundo Хаўеру Коласу, піша выданне. 19 сакавіка яму паведамілі, што ён мусіць пакінуць тэрыторыю краіны цягам дня. Нейкі чыноўнік папярэдзіў, што ў выпадку непадпарадкавання журналіста чакаюць праблемы. На наступны дзень Колас з'ехаў з Расеі.

Некалькі месяцаў таму ў кватэру рэпарцёра ў Маскве прыходзілі паліцыянты. Яны патрабавалі ад яго спыніць асвятляць акцыі жонак мабілізаваных, якія рэдакцыя ўважае адной з нямногіх бачных прыкмет незадаволенасці расейцаў вайной з Украінай.

Каментуючы сваё выдварэнне, Колас адзначыў, што ён «проста рабіў сваю працу: расказваў пра тое, што адбываецца, гаварыў з людзьмі, якія праз гэта цярпяць, і тлумачыў, хто нясе адказнасць за тое, што адбываецца». Журналіст падкрэсліў, што ні пра што не шкадуе.

«Цяжка раптоўна ўпіхнуць 12 гадоў свайго жыцця ў тры валізкі за адну ноч і зачыніць дзверы, ведаючы, што на наступны дзень гэтая кватэра стане для цябе забароненай тэрыторыяй. Мы, карэспандэнты, знаходзімся там, дзе нам дазваляюць быць, але нікому не дазваляем указваць нам, што казаць і чаго не казаць», - сказаў на заканчэнне ён.

Колас займаўся журналістыкай у Расеі і Украіне, быў спецыяльным карэспандэнтам El Mundo падчас Еўрамайдану, расказваў аб падзенні ўрада Віктара Януковіча, акупацыі Крыма, вайне на Данбасе і поўнамаштабным уварванні ва Украіну.

У лютым Колас выпусціў кнігу «Пуціністан» аб сучаснай Расеі. У ёй ён назваў вайну ва Украіне «крыжовым паходам па знішчэнні краіны, якая не ўпісвалася ў пуцінскі праект».

Апошнія навіны