BE RU EN

У Екацерынбургу збілі «героя СВА»

  • 13.05.2024, 20:06

Мінакі не сталі дапамагаць збітаму ўдзельніку вайны ва Украіне.

У Екацерынбургу некалькі чалавек збілі «героя СВА» падчас вулічнага канфлікту. Паводле словаў пацярпелага Яўгена С., падчас збіцця ніхто з мінакоў не спрабаваў за яго заступіцца.

«Бутэлькай аб галаву стукнулі за тое, што я СВАшнік. Так і сказалі, здымаючы гадзіннік: „за ветэрана“», – прыводзіць Ura.ru словы збітага і абрабаванага мужчыны.

На ўдзельніка «спецаперацыі» напалі, калі ён спрабаваў заступіцца за п'янага сябра, які зладзіў разборкі з палюбоўнікам былой жонкі. «Я не канфліктаваў ні з кім, быў цвярозы. У выніку сябар палез на піхара», – успамінае цяпер пацярпелы.

Тады апанент заліў ягонага таварыша з газавага балончыка і бакі разышліся, аднак пазней «піхар» прывёў групу падтрымку і выклікаў праз тэлефон удзельніка ўварвання ва Украіну для далейшай гутаркі.

«Я зразумеў, што сітуацыя абвастраецца, і ўзяў біту для самаабароны. …> Па дарозе ўбачыў, што яны стаяць натоўпам каля майго дома – піхар і ягоныя таварышы, чалавек 6-7. І сярод іх сябар збіты стаіць, яго ўтрымлівалі», – кажа Яўген.

Потым натоўп накінуўся на яго і моцна збіў: білі нагамі, бутэлькамі, закідвалі камянямі. У якасці фінальнага акорду ў «СВАшніка» забралі гадзіннік. «Я тармазіў тачкі, крычаў „выклічце паліцыю“. Усе проста аб'язджалі. Адзін толькі пасігналіў, калі мяне запіналі», – скардзіцца пацярпелы.

Пасля інцыдэнту ўдзельнік «СВА» паспрабаваў напісаць заяву ў паліцыю, але яго «нават не ўпусцілі» ўнутр аддзялення і «прымусілі сядзець амаль гадзіну на вуліцы, перш чым запусцілі і праз клетку ў тамбуры прасунулі паперкі для заявы». «Нават ручкі не далі», – абураецца ён. У выніку Яўген «псіхануў і з'ехаў на хуткай у лякарню», дзе ў яго дыягнаставалі страсенне мазгоў.

«Шчыра, я згубіўся нафіга і з якімі мэтамі хадзіў на вайну. Дома больш жорсткія. І абараняць хату трэба цвярдзей. Паліцыя не ў дапамогу. Дзякуй хуткай дапамозе, яны павезлі проста ад пастарунка. Нават і лекарам было няўцям, як такое магчыма», – разважае ўдзельнік уварвання ва Украіну пасля збіцця.

Выпадкі нападу на «герояў СВА» ў Расеі адбываюцца рэгулярна, нават нягледзячы на тое, што гэтая катэгорыя грамадзянаў знаходзіцца цяпер у прывілеяваным становішчы ў краіне, а падобныя справы нярэдка бярэ пад асабісты кантроль кіраўнік СКР Бастрыкін. Так, 9 траўня стала вядома, што жыхар Краснадара збіў удзельніка вайны ва Украіне, у якога былі зламаныя ногі, за тое, што ён гучна слухаў музыку.

У лютым у Калузе яшчэ адзін «герой» надумаў самасцвердзіцца за кошт юнака, апранутага, на думку ўдзельніка вайны, неналежным чынам. Відэа здарэння хутка разляцелася ў сацсетках. «Мы за вас ваюем, вось за такіх пі***асаў», – выказваў «ветэран» маладому чалавеку. Зрэшты, хлопец быў не з нясмелага дзясятка і пасля некалькіх важкіх аплявух «СВАшнік» апынуўся на асфальце, рэзка адмовіўшыся ад сваіх прэтэнзій.

Летась у снежні ў Санкт-Пецярбургу напалі на 40-гадовага Віталя Паўлоўскага, таксама ўдзельніка вайны. Мужчына, шпацыруючы з жонкай, зрабіў заўвагу двум незнаёмцам за няправільную, на ягоную думку, паркоўку аўтамабіля, пасля чаго пачалася слоўная сварка, якая скончылася для «ветэрана» сумна.

Апошнія навіны