НБА блізкая да кантракту на тэлеправы на $76 млрд
- 5.06.2024, 21:14
Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя плануе павялічыць свой прыбытак ад медыяправоў больш як у 2,5 разы.
Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя (НБА) знаходзіцца ў прасунутай стадыі перамоваў з NBC, Amazon.com і ESPN датычна медыяправоў, угода можа прынесці лізе $76 млрд за 11 гадоў. Пра гэта піша The Wall Street Journal.
Кантракт можа набыць моц пасля наступнага сезону. Дзякуючы яму НБА зможа павялічыць свае прыбыткі ад медыяправоў больш чым у 2,5 разы, піша The Wall Street Journal.
NBC, якая атрымае правы на матчы НБА ўпершыню з 2002 года, будзе плаціць у сярэднім $2,5 млрд за год і паказваць блізу 100 гульняў за сезон, прычым блізу паловы – толькі на стрымінгавым сэрвісе Peacock.
Amazon за $1,8 млрд за год атрымае пакет з гульняў рэгулярнага сезону і плэй-оф, а таксама частку фіналаў канферэнцый.
У Disney, якая валодае ESPN, будзе менш гульняў, але застануцца фінальныя матчы НБА, пры гэтым яна будзе плаціць блізу $2,6 млрд за год, што перавышае $1,5 млрд паводле дзейнай угоды.
У пагадненні пакуль не ўдзельнічае Warner Bros Discovery, чыя сетка TNT паказвае гульні НБА з 1988 года.