BE RU EN

Пуцін заявіў Орбану, што яму не патрэбнае перамір'е ва Украіне

  • 5.07.2024, 21:20

Расейскага дыктатара цікавіць «канчатковае заканчэнне канфлікту» на ягоных умовах.

Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін заявіў прэм'ер-міністру Вугоршчыны Віктару Орбану, што яго не цікавіць перамір'е ці часовае спыненне агню паміж украінскімі і расейскімі войскамі. Пра гэта ён сказаў падчас візіту Орбана ў Маскву 5 ліпеня.

«Гэта павінна быць не проста перамір'е ці часовае прыпыненне агню, ні нейкая паўза, якую кіеўскі рэжым мог бы выкарыстаць, каб аднавіць страты, перагрупавацца і даўзброіцца. Расея выступае за поўнае і канчатковае заканчэнне канфлікту», – заявіў Пуцін на прэс-канферэнцыі пасля перамоваў з Орбанам, паведаміла расейскае прапагандысцкае агенцтва «Інтэрфакс».

Пуцін нагадаў, што ў ягоным разуменні «поўнае і канчатковае заканчэнне канфлікту» павінна пачацца пасля таго, як Украіна выведзе свае ўзброеныя сілы з тэрыторыі Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей. Гэта значыць, ён паўтарыў свой ультыматум, з якім выступіў напярэдадні Саміту міру ў Швэйцарыі, але на гэты раз не ўспамінаў пра адмову ад NATO.

Пры гэтым Пуцін заявіў, што паслухаў Орбана і прыйшоў да высновы, што «ў Кіеве ўсё яшчэ не гатовыя адмовіцца ад ідэі вядзення вайны да пераможнага канца».

Апошнія навіны