BE RU EN

Беларускі добраахвотнік УСУ: Многія жыхары Курскай вобласці нас віталі

  • 20.08.2024, 22:13

Мясцовае насельніцтва выказвае негатыўныя думкі пра расейскае кіраўніцтва.

Беларускі добраахвотнік у эфіры канала «Белсат» падзяліўся сваім меркаваннем аб прычынах масавай здачы ў палон расейскіх салдат і расказаў аб тым, як мясцовае насельніцтва ставіцца да ўкраінскіх вайскоўцаў.

Баец з пазыўным Жэрар, камандзір аддзяленнем эвакуацыі бранятэхнікі ў 225-м асобным штурмавым батальёне, падкрэсліў, што паспяховае выкананне аперацыі стала магчымым дзякуючы ўважліваму планаванню. “Усё прайшло вельмі лёгка. Заходзілі як нож у масла”, - адзначыў ён.

Аб масавай здачы расейскіх салдат у палон

Жэрар адзначыў, што на гэтым кірунку кожны дзень фіксуецца вялікая колькасць палонных. Ён падкрэсліў, што нават падчас контрнаступлення на Херсоншчыне восенню 2022 года не было такой вялікай колькасці тых, хто здаўся ў палон.

Паводле яго слоў, прычынай масавай здачы расейскіх салдат стала тое, што іх камандаванне пакідала іх без падтрымкі. “У іх не было сувязі, пастаўкі ежы, вады. А пасля трох дзён, седзячы без вады і ежы, ты пачынаеш ужо сам па сабе паціху паміраць. Таму большасць людзей проста прымала пастанову здацца», - растлумачыў ён.

Жэрар расказаў, што размаўляў з расейскімі палоннымі, большасць з якіх была салдатамі тэрміновай службы. “Яны ўвогуле да вайны маюць малое дачыненне. Гэта дзеці ад 18 да 23 гадоў, якія не хацелі ваяваць і, паводле іх слоў, не збіраліся”, - распавёў ён.

Аднак Жэрар адзначыў, што, нягледзячы на іх узрост і нежаданне ваяваць, гэтыя салдаты ўсё ж трымалі зброю і ўдзельнічалі ў баях. “Калі заходзілі нашыя штурмавыя падраздзяленні, у кожным выпадку адбываліся баявыя сутыкненні. Адпаведна, гінулі салдаты Узброеных сіл Расеі. Іх гінула шмат, таму што яны былі ненавучаныя, непадрыхтаваныя. У іх не было ў дастатковай колькасці баявых камплектаў. Яны былі знясіленыя, таму што ў іх не было ні вады, ні ежы”, - дадаў ён.

Стаўленне мясцовага насельніцтва

Са слоў Жэрара, у першыя дні аперацыі ён і яго падраздзяленне практычна не бачылі мясцовых жыхароў. “Мы ўбачылі мясцовых жыхароў толькі на пяты-шосты дзень. І я вам скажу, такое адчуванне, што мы вызваляем украінскія сёлы. Зразумела, што хлебам і соллю не сустракаюць, але прынамсі агрэсіі ў бок УСУ няма зусім”, - адзначыў ён.

Жэрар таксама пацвердзіў, што мясцовае насельніцтва выказвае негатыўныя меркаванні аб расейскім кіраўніцтве і што "большасць мясцовых людзей, якіх мы сустракалі, настроеныя нават на тое, каб быць украінцамі". Ён адзначыў, што большасць людзей гавораць на “ўкраінскай трасянцы”.

Апошнія навіны