У Польшчы адбыўся выбух і пажар у жылым доме
- 25.08.2024, 15:50
14 чалавек параненыя, загінулі двое пажарных.
У горадзе Познані ў Польшчы ў ноч на 25 жніўня адбыўся выбух у шматкватэрным доме, пасля якога ўспыхнуў моцны пажар. Пра гэта паведамляе RMF24.
У будынку абрынуліся тры паверхі. Падчас аперацый 11 пажарных атрымалі раненні, таксама пацярпелі трое мінакоў.
На месцы пажару працуюць амаль 100 пажарных, у тым ліку групы спецыялістаў з Познані і Лодзі. У іх распараджэнні ёсць адпаведнае абсталяванне і сабакі-выратавальнікі.
Спачатку паведамлялася, што з двума пажарнікамі няма сувязі і іх шукаюць. Пазней прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск напісаў у сацсетцы Х, што яны загінулі.
Відэа пажару апублікавалі ў сацсетках.